Брусевіч Анатоль Аляксандравіч (нар. 28.9.1977, Гродна), паэт, перакладчык, літаратуразнаўца. Уваходзіў у сябры СБП.
Скончыў філалагічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта (1999), магістратуру (2000) і аспірантуру пры кафедры польскай філалогіі ГрДУ (2003). Абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму “Фактары беларускай культуры ў творчасці Адама Міцкевіча віленска-ковенскага перыяду (1815—1823 гг.)”. Працуе ў ГрДУ, з 2007 г. на пасадзе дацэнта кафедры польскай філалогіі.
Друкуецца з 1989 г. у беларускіх і замежных выданнях. Аўтар кніг паэзіі “Дуэль” (Гродна, 1992), “Падаю ў неба” (Гродна, 2006), “Апошні дзень” (Мінск, 2013), “Крылы” (Гродна, 2021), манаграфіі “Фактары беларускай культуры ў творчасці Адама Міцкевіча” (Гродна, 2008). Перакладае з польскай творы Яна Каханоўскага, Антонія Лянгэ, Катажыны Бонды, Адама Міцкевіча, Тадэвуша Міціньскага і інш. Лаўрэат прэміі часопіса “Дзеяслоў” “Залаты апостраф” (2017).