Брэская Ганна (дзяв. Аўсеенка Ганна Яфрэмаўна, 1901, Зелькі, цяпер Верхнядзвінскі р-н Віцебскай вобл. — пасля 1936). Паэтка.
Нарадзілася ў сялянскай сям’і. У 1919—1921 гг. працавала ў Дзісенскім павятовым аддзеле народнай адукацыі. З 1923 г. разам з мужам, педагогам і мастаком Сямёнам Брэскім (пазней рэпрэсаваным) жыла ў Полацку, гадавала сына, займалася творчай дзейнасцю. У сакавіку 1925 г. уступіла ў Полацкую філію “Маладняка”. У 1930-я гг. магчыма працавала на адной з полацкіх фабрык. Пасля паўторнага арышту мужа ў 1936 г. біяграфічныя звесткі адсутнічаюць. Дата смерці і месца пахавання невядомыя.
Друкавалася ў часопісах “Беларуская работніца і сялянка”, “Маладняк”, газеце “Полоцкий пахарь” (пазней — “Чырвоная Полаччына”), літаратурных альманахах “Наддзьвіньне” (1926), “Росквіт” (1927), “Зарніцы” (1928). Пазней падборкі вершае друкаваліся таксама ў газеце “Голас Радзімы”, часопісах “Дзеяслоў”, “Роднае слова”, паэтычнай анталогіі “Краса і сіла” (Мінск, 2003). У 2000 г. выйшла кніга паэзіі “Настурцыі”.