Бранштэйн Якаў Анатольевіч (10.11.1897, Бельск, цяпер Падляскае ваяв. Польшчы — 29.10.1937, Мінск). Крытык. Сябра СП з 1934 г.
У 15 год стаў “хлопчыкам для паслуг”, потым быў рахункаводам. У 1919—1921 гг. добраахвотнік Чырвонай Арміі, удзельнічаў у баях на Заходнім і Туркестанскім франтах. Працаваў у газеце “Орловская правда”. У 1925 г. скончыў 1-шы Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт, вучыўся ў Камакадэміі (1926—1930), скончыў аспірантуру пры Беларускім дзяржаўным універсітэце. З І930 г. выкладчык Менскага педагагічнага інстытута і адначасова навуковы супрацоўнік Беларускай Акадэміі Навук. У 1932—1937 гг. адказны сакратар Арганізацыйнага камітэта, рэарганізаванага ў 1934 г. у Саюз пісьменнікаў Беларусі. 06.04.1937 рэпрэсіраваны. 28.10.1937 Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР прысуджаны да 10 год зняволення. Расстраляны. Рэабілітаваны 27.06.1956 г. Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР. Сябра СП СССР з 1934 г.
Магчыма, пахаваны ў Курапатах.
Пісаў на ідыш і на беларускай мовах. Літаратурна-крытычную дзейнасць пачаў у 1920-я гг. з артыкулаў пра творчасць яўрэйскіх і беларускіх пісьменнікаў. Выдаў зборнік літаратурна-крытычных артыкулаў “Атака” (Мінск, 1930) і навуковыя працы “Праблемы ленінскага этапа ў літаратуразнаўстве” (Мінск, 1932), “Вынікі 15-гадовай барацьбы за марксізм-ленінізм у літаратуразнаўстве” (Мінск, 1932), літаратурна-крытычныя працы “Аб стане яўрэйскай літаратуры ў перыяд рэканструкцыі” (дадатак да часопіса “Штэрн”, Мінск, 1932), “На замацаваных пазіцыях” (Мінск, 1934), “Літаратурная вучоба” (Мінск, 1935). У перыядычных выданнях 1930-х гг. і калектыўных зборніках змешчаны шэраг артыкулаў пра творчасць А. Пушкіна, Я. Купалы, Я. Коласа, А. Александровіча, М. Лынькова, Я. Маўра, С. Баранавых, І. Харыка, М. Кульбака і іншых пісьменнікаў.