Брайцаў Якуб

Брайцаў Якуб Раманавіч (19.2.1861, в. Забялышын, цяпер Хоцімскі р-н Магілёўскай вобл. — 2.3.1931, в. Забялышын, цяпер Хоцімскі р-н Магілёўскай вобл.). Празаік, драматург.

У 1870-х вучыўся ў павятовым вучылішчы ў Клімавічах. З другой паловы 1880-х гг. жыў у Маскве. У 1900 г. вярнуўся на радзіму. За рэвалюцыйную дзейнасць у 1905 г. быў пад наглядам паліцыі. У гэты перыяд актыўна займаўся літаратурнай дзейнасцю. З 1917 г. быў сакратаром Забялышынскага валаснога выканкама, павятовым пракурорам. У 1925 г. выкладаў курс земляробства ў школе ў в. Забялышын. У 1920-я гг. быў супрацоўнікам “Крестьянской газеты” (Масква). Сябрам Усерасійскага саюза сялянскіх пісьменнікаў.

Пахаваны ў в. Забялышын Хоцімскага р-на Магілёўскай вобл.

Літаратурную дзейнасць пачаў у 1880-х. Пісаў па-руску. У 1889 г. у Маскве выйшла аповесць “Богатеи”. Здадзеныя ў друкарню аповесці “Невдашечка Анюта” (1887) і “Дудолева лоза” (1889) не пабачылі свет праз матэрыяльныя складанасці аўтара. У 1905 г. была напісана камедыя “Бела цыгана”. Цягам 1906—1916 гг. — раман “Среди болот и лесов”, але таксама не быў надрукаваны пры жыцці аўтара. Зборнік твораў пабачыў свет толькі ў 2013 г.

Дакументы з прыватнага архіва пісьменніка захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 7).