Бобрык Янка

Бобрык Янка (Іван Іванавіч) (8(21).7.1905, Глуск, Магілёўская вобл. — 25.8.1942, Ленінград, цяпер Санкт-Пецярбург, Расія). Паэт, крытык.

У 1929 г. скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Настаўнічаў у Мілаславіцкай сямігодцы Клімавіцкага раёна. У 1931 г. паступіў у аспірантуру Акадэміі мастацтвазнаўства ў Ленінградзе. Пасля заканчэння вучобы (1934) быў навуковым супрацоўнікам акадэміі, працаваў рэдактарам кінастудыі Белдзяржкіно, рэдактарам Упраўлення па справах мастацтваў Ленінградскага гарвыканкома. Удзельнік абароны Ленінграда.

Памёр у блакаду. Пахаваны на Піскароўскіх могілках Санкт-Пецярбурга, РФ.

З вершамі ў друку ўпершыню выступіў у 1924 г. У 1926 г. разам з А. Звонакам і Я. Туміловічам выдаў зборнік вершаў “Пунсовае ранне”. У 1930 г. часопіс “Маладняк” надрукаваў яго паэму “Галіна”. Асобныя вершы змешчаны ў зборніку “Мы іх не забудзем” (1949). Выступаў у перыядычным друку з апавяданнямі і нарысамі.