Блісцінаў Міхась

Блісцінаў Міхась Міхайлавіч (6(19).10.1909, в. Іванкава, Масальскі раён Калужскай вобл. Расіі — 24.12.1982, Мінск). Празаік, драматург. Сябра СП з 1939 г.

У 1910 г. з бацькамі пераехаў у Беларусь. Вучыўся ў Мінскім беларускім педагагічным тэхнікуме. У 1928 г. пачаў працаваць вясковым настаўнікам. У 1930—1932 гг. студэнт Мінскага педагагічнага інстытута. У 1933—1936 гг. адказны сакратар рэдакцыі газеты “Літаратура і мастацтва”. Скончыў сцэнарны факультэт Кінаакадэміі ў Маскве (1938). Працаваў рэдактарам на кінастудыі “Савецкая Беларусь”. У час Вялікай Айчыннай вайны быў на штабной і палітрабоце ў 53-й арміі Паўночна-Заходняга і Стэпавага франтоў, з 1943 г. — у дывізійнай газеце 2-га Украінскага і Забайкальскага франтоў. У пасляваенны час працаваў ва ўстановах кінематаграфіі ў Мінску. Сябра СП СССР з 1939 г. Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I ступені, Чырвонай Зоркі, “Знак Пашаны” і медалямі.

Пахаваны на Паўночных могілках Мінска.

Літаратурную дзейнасць пачаў у 1926 г. з вершаў. З 1929 г. пісаў апавяданні і нарысы. Аўтар п’ес “Агні Палесся” (1931), “Трактар” (1931), “Мох” (1932), інсцэніровак “Ленінцы” і “Кастрычнік” (1932), “Грунт” (пастаўлена ў 1934), аповесці “Хітрасць” (альманах “Бальшавіцкая моладзь”, 1934). Напісаў сцэнарый мастацкага фільма “Строгая жанчына” (пастаўлены ў 1959), а таксама васемнаццаць сцэнарыяў дакументальных і навукова-папулярных фільмаў (фільм “Каларадскі жук” у 1965 г. адзначаны на Міжнародным кінафестывалі ў Браціславе дыпломам). У перыядычным друку выступаў з рэцэнзіямі і артыкуламі па пытаннях кіно. Адзін з аўтараў кнігі “Мінскі аўтамабільны” (Мінск, 1972). Пераклаў на беларускую мову “Крэнкебіль” А.Франса (1936), “Пятра Першага” А.Талстога (1940, скарочанае выданне для дзяцей), п’есу “Як гартавалася сталь” (паводле рамана М.Астроўскага, 1937), паасобныя п’есы А.Бруштэйн, Б.Тур, В.Любімавай і інш.