Бембель Алег Андрэевіч (псеўданімы: Зніч, А. Зніч; нар. 16.12.1939, Мінск). Паэт, публіцыст, філосаф. Сябра СП з 1989 г.
Сын вядомага скульптара Андрэя Бембеля. Скончыў Мінскую кансерваторыю (1969), аспірант Інстытута філасофіі і права АН БССР (1971—1974). Дысертацыя аб нацыянальных і інтэрнацыянальных элементах у літаратуры не была абароненая, бо яе прызналі “нацыяналістычнай”. У 1983—1984 гг. працаваў на тэлебачанні. У 1984—1986 гг. — у Акадэміі навук БССР. За выданне ў Лондане ў 1985 г. працы “Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс” у 1986 г. выключаны з КПСС і звольнены з Інстытуту філасофіі і права; аддзел эстэтыкі і псіхалогіі, дзе ён працаваў, быў распушчаны. Ва ўстановах навукі і культуры збіраліся сходы дзеля “асуджэння” яго дзейнасці. У канцы 1980-х ― пачатку 1990-х гг. стаўся актыўным удзельнікам беларускага нацыянальнага руху. З 1991 г. працаваў у Нацыянальным навукова-даследчым цэнтры імя Ф. Скарыны. З 1996 г. у послуху ў праваслаўным манастыры ў Жыровічах. Выдаваў рэлігійна-культурны часопіс “Жыровіцкая абіцель”. Сябар Саюзу пісьменнікаў БССР/Беларусі з 1989.
Пад псеўданімам Зніч публікаваў свае вершы ў самвыдаце і незалежнай прэсе. У 1989 г. супрацоўнічаў з часопісам “Праваслаўная думка”. Аўтар паэтычных зборнікаў “Рэха малітвы. Вершы зь Беларусі” (New York, 1988), “Саната ростані” (Bialystok, 1988), “Малітвы за Беларусь” (Мінск, 1989), “За мурам” (Слонім, 2007), “… Мне не цябе шкада — а тваю маці…” (Слонім, 2009), “Між тэктанічных пліт…” (Слонім, 2011), “Апошняму зямляніну… : (размоўі і мадуляцыі)” (Слонім, 2016), “Святло з Жыровіч” (Мінск, 2020), кніг успамінаў “Крэсіва” (Слонім, 2012), “Шляхам сумоўя” (Слонім, 2015).
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва.