Бярозка Анатоль (сапр. Смаршчок Мацвей (Мітрафан) Васільевіч, 19.2.1915, в. Падлессе, цяпер Ляхавіцкі р-н Брэсцкай вобл. — 20.6.2008, Мантысэла, Мінесота, ЗША). Паэт, лекар.
Вучыўся на медыцынскім факультэце Віленскага ўніверсітэта, быў сябрам Беларускага Студэнцкага Саюзу. Рэдагаваў “Шлях Моладзі”, “Калосьсе”. У 1939 г. выехаў на працу на Берасцейшчыну, працаваў у чыгуначным шпіталі ў Брэсце. У часе нямецкай акупацыі працаваў у Баранавічах, быў дырэктарам медыцынскай школы. У 1944 г. выехаў на Захад. Па дарозе быў арыштаваны немцамі і скіраваны ў працоўны лагер у Нордхаўзене. У 1948 г. разам з жонкай і дачкой прыехаў у ЗША на запрашэнне мэдычнага цэнтра Monticello-Big Lake Community Hospital & Nursing Home Auxiliary. Тут працаваў на розных пасадах, удзельнічаў у разбудове шпіталя, кіраваў домам для старых. Быў прафесарам Універсітэта Мінесоты, займаўся даследаваннем хваробаў сэрца. Быў сябрам Беларускага інстытута навукі і мастацтва (Нью-Ёрк).
Пахаваны ў Мантысэла (штат Мінесота) на каталіцкіх могілках царквы Св. Генрыка.
Вершы пачаў пісаць у 12 гадоў, дасылаў іх у часопіс “Заранка”, які выдавала Зоська Верас. Публікаваў вершы на старонках віленскіх беларускіх часопісаў у міжваенны час. Аўтар зборніка “Адзінаццаць вершаў” (1989), а таксама кнігі “Анатоль Бярозка. Выбранае” (Мінск, 2004).