Бічэль Данута

Бічэль-Загнетава (Бічэль) Данута Янаўна (нар. 03.12.1937/01.01.1938, в. Біскупцы, Лідскі р-н Гродзенскай вобл.). Паэтка. Сябра СП з 1964 г.

У 1957 г. скончыла Наваградскую педагагічную навучальню, а ў 1962 г. — аддзяленне беларускай мовы, літаратуры і гісторыі Гродзенскага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы. З 1962 г. выкладала беларускую мову і літаратуру ў школах Гродна. З 1982 г. працавала загадчыцай Дома-музея Максіма Багдановіча ў Гродна. Вядомая грамадская дзеячка, адна з арганізатараў і актыўных удзельнікаў суполкі Максіма Багдановіча, з верасня 1988 г. сябра Беларускага народнага фронту. Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989 г. Сябра СП СССР з 1964 г.

У друку выступае з 1958 г. (газета “Літаратура і мастацтва”). Аўтар зборнікаў паэзіі “Дзявочае сэрца” (Мінск, 1961), “Нёман ідзе” (Мінск, 1964), “Запалянкі” (Мінск, 1967), “Белая Русь” (Москва, 1969), “Доля” (Мінск, 1972), “Ты — гэта ты” (Мінск, 1976; па-польску, Lodz, 1980), “Браткі” (Мінск, 1979), “Дзе ходзяць басанож” (Мінск, 1983; па-руску, Москва, 1990), “Загасцінец” (Мінск, 1985), “Даўняе сонца” (Мінск, 1987), “А на Палессі” (Мінск, 1990), “Божа, мой Божа” (Менск, 1993), “Нядзелька” (Гародня, 1998), “Снапок” (Мінск, 1999), “На белых аблоках сноў” (Мінск, 2002), “Стакроткі ў вяночак Божай Маці” (Мінск, 2004), “Нараджэнне Езуса Хрыста, нашага Збаўцы” (Мінск, 2005), “Ойча наш…” (Мінск, 2008), “Iду сцяжынаю да Бога” (Мінск, 2012), “Выбраныя творы” (Мінск, 2016), “Дайсці да Каложы” (Мінск, 2017), “Гускі вяртаюцца” (Гродна, 2019), “Гаўя спяшаецца ў Нёман” (Мінск, 2022). Напісала паэмы і кніжкі вершаў для дзяцей: “Перапёлка” (Мінск, 1968), “Грыб-парасон” (Мінск, 1969), “Дзічка” (Мінск, 1971), “Рыжая палянка” (Мінск, 1971), “Дагані на кані” (Мінск, 1973), “Лузанцы” (Мінск, 1982), “Габрынька і Габрусь” (Мінск, 1985), “Гараднічанка” (Мінск, 1993). Аўтар кнігі нарысаў, мемуараў і эсэ “Хадзі на мой голас” (Гародня — Wroclaw, 2008), выдала кнігі прозы “Мост святога Францішка” (Мінск, 2010), “Правінцыя святога Францішка” (Гародня, 2013). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1984).

Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 369).