Бэндэ Лукаш Апанасавіч (1.11.1903, в. Шчакоцк, цяпер Іванаўскі р-н Брэсцкай вобл. — 23.12.1961, Ленінград, цяпер Санкт-Пецярбург, Расія). Крытык. Сябра СП з 1934 г.
Скончыў Камуністычны ўніверсітэт Беларусі (1926). Спачатку працаваў у Віцебскім ветэрынарным інстытуце, потым – у Інстытуце мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР, адначасова ў часопісе “Напагатове” і Дзяржаўным выдавецтве ў Ленінградзе і ў Ленінградскім тэатральным інстытуце. З 1935 г. — у Інстытуце рускай літаратуры (Пушкінскі Дом), загадваў кафедрай рускай літаратуры Ленінградскага абласнога настаўніцкага інстытута. У час Вялікай Айчыннай вайны служыў у войсках НКВД (Ленінград). З 1946 г. выкладчык у педагагічных і настаўніцкіх інстытутах Даўгаўпілса, Ленінграда, Выбарга, Жытоміра, рэдактар Ленінградскага аддзялення Дзяржаўнага літаратурнага выдавецтва. Сябра СП СССР з 1934 г.
Пахаваны на Шувалаўскіх могілках у Санкт-Пецярбургу, Расія.
Друкавацца пачаў у 1925 г. Выступаў у галіне крытыкі і літаратуразнаўства. Аўтар кніг “Янка Купала: Крытычны нарыс” (Мінск, 1932), “Андрэй Александровіч” (Мінск, 1932), а таксама шматлікіх артыкулаў і рэцэнзій у перыядычным друку. У 1930-я гг. склаў шэраг чытанак, хрэстаматый па беларускай літаратуры для школ.
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 66).