Базыленка (Арахоўская) Ганна Мартынаўна (4.4.1908, в. Арахі, цяпер г.п. Арэхаўск, Аршанскі р-н Віцебскай вобл. — 19.1.1980, Мінск). Паэтка, мовазнаўца.
Закончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1931). У 1933—1938 гг. працавала ў Інстытуце літаратуры і мастацтва Беларускай акадэміі навук, у 1944—1970 гг. — у БДУ, у тым ліку ў 1949—1955 гг. намеснікам дэкана філалагічнага факультэта. Брала ўдзел у стварэнні “Руска-беларускага слоўніка” 1937 г.. У 1952 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю “устойлівыя словазлучэнні ў мове твораў Якуба Коласа”.
Пахаваная на Паўночных могілках Мінска.
У 1920-я гг. публікавала вершы, апавяданні, п’есы ў зборніках Віцебскай маладнякоўскай філіі “Пачатак” і “Світанне”, а таксама ў перыядычным друку. Аўтарка шэрагу артыкулаў па праблемах сучаснай беларускай мовы, манаграфіі “Пабочныя і ўстаўныя словы, словазлучэнні і сказы ў беларускай літаратурнай мове” (Мінск, 1964).