Барысовіч Караль Мечыслававіч (3.1.1887, маёнт. Разальмаў, цяпер Хоцінскі р-н Магілёўскай вобл. — 28.2.1967, Залессе Дольнае, Польшча). Пісьменнік-нашанівец, публіцыст, перакладчык.
У 1896 г. быў прывезены да сваячкі ў Пецярбург для навучання. У 1905 г. паступіў на юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, аднак праз рэвалюцыйныя падзеі мусіў перапыніць вучобу. У 1906 г. быў залічаны на факультэт права Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве. Дыплом атрымаў ў 1910 г. у Дэрптскім універсітэце (цяпер Тарту, Эстонія). У апошнім належыў да беларускага зямляцтва. Па атрыманні адукацыі займаўся справамі бацькоўскага маёнтка. Цягам 1909—1915 гг. дасылаў у газету “Наша Ніва” допісы, артыкулы, вершы. Распаўсюджваў беларускія выданні, календары сярод чытачоў на Магілёўшчыне і Смаленшчыне. Ліставаўся з Вацлавам Ластоўскім. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі жыў у Польшчы. Удзельнічаў у савецка-польскай вайне. Да 1932 г. служыў у польскай арміі, дзе атрымаў званне капітана. Браў удзел у кампаніі 1939 г., руху супраціву. Пасля Другой сусветнай вайны жыў з сям’ёй ў Залессі Дольным каля Варшавы. Пакінуў па сабе польскамоўныя ўспаміны “Беларусь, якой я яе памятаю”, “Разальмаў і я”.