Баршчэўскі Лявон (Леанід) Пятровіч (нар. 4.3.1958, Полацк, Віцебская вобл.) Перакладчык-паліглот, выкладчык, грамадскі дзеяч. Сябра СП з 1989 г.
Скончыў Мінскі педагагічны інстытут замежных моў па спецыяльнасці нямецкая і ангельская мовы (1980). Працаваў выкладчыкам нямецкай і ангельскай моў у роднай школе. З 1981 г. — выкладчык кафедры замежных моў Наваполацкага політэхнічнага інстытута. У 1985 г. разам з С. Шупам стварыў у Мінску клуб маладых перакладчыкаў “Бабілён”. У 1987 г. скончыў аспірантуру пры Мінскім педінстытуце замежных моў. Кандыдат філалагічных навук. У 1990—1995 гг. — дэпутат Вярхоўнага Савета БССР. Сябра Беларускага народнага фронту “Адраджэнне”, у тым ліку ў 1995 г — намеснік старшыні, у 1996—1999 гг. — выконваў абавязкі, а ў 2007—2009 гг. — старшыня партыі. Шматгадовы намеснік дырэктара Беларускага гуманітарнага ліцэя. Сябра Беларускага ПЭН-Цэнтра, у тым ліку яго старшыня ў 2003—2005 гг.
У друку выступае з 1973 г. Працуе ў галіне мастацкага перакладу з нямецкай, польскай, чэшскай, нідэрландскай на беларускую мову. Пераклаў творы Б.Брэхта, С. Выспянскага, Ч. Мілаша, С.Мрожака, Я.Врхліцкага, Ф.Кафкі, Г.Ахтэрберга, В.Тэўса, А.Шміт-Заса, А.Кухгофа і інш. Выступае з артыкуламі па праблемах мастацкага перакладу. Выдаў кнігі “Беларуская літаратура і свет: ад эпохі рамантызму да нашых дзён” (разам з П. Васючэнкам і М. Тычынам; Мінск, 2006), “Кароткая граматыка нідэрландскай мовы” (Мінск, 2010), “Беларуска-польскі размоўнік-даведнік” (Мінск, 2011), “Словы і вобразы: літаратура і мастацтва ад старажытнасці да канца XVIII стагоддзя” (у 2 частках; Мінск, 2017—2018) і інш.