Баркоўскі Сцяпан

Баркоўскі Сцяпан Андрэевіч (10.4.1905, Слуцк, цяпер Мінская вобл. — 11.6.1966, Мінск). Літаратуразнаўца.

Падлеткам браў удзел у Слуцкім паўстанні 1920 г. Скончыў педагагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1926), аспірантуру (1931). Працаваў у Інстытуце гісторыі Акадэміі навук БССР. У 1936 г. арыштаваны. Атрымаў 10 гадоў зняволення. У 1936—1946 гг. — у лагерах Краснаярскага края і Сярэдняй Азіі. Пасля вызвалення жыў у г. Фрунзэ (цяпер Бішкек, Кыргызстан). У 1950 г. накіраваны ў Казахстан на асваенне цаліны. У 1955 г. рэабілітаваны і змог вярнуцца ў Беларусь. З 1956 г. працаваў у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР.

Пахаваны на Усходніх могілках Мінска.

Першыя публікацыі па этнаграфіі з’явіліся ў 1925 г. Аўтар працы “Першае мая на Беларусі” (Менск, 1927, 1930, 1932). Як літаратурны крытык сфармаваўся ў “Маладняку”. Укладальнік кніг твораў В. Маракова, А. Дудара, В. Каваля, М. Нікановіча.