Барашка Ілары (Іларыён Мацвеевіч) (25.7.1905, Мінск — 3.6.1968, Масква). Празаік, крытык.
З 1924 г. працаваў адказным сакратаром рэдакцыі часопіса “Полымя”. З 1925 г. рэдактар часопіса “Малады араты”, з 1927 г. намеснік адказнага рэдактара газеты “Чырвоная змена”, з 1929 г. — намеснік рэдактара часопіса “Маладняк”. Адначасова вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце (скончыў у 1930). У 1932—1936 гг. працаваў рэдактарам на студыі Белдзяржкіно ў Ленінградзе. У 1938 г. скончыў Кінаакадэмію і быў прызначаны начальнікам Упраўлення навучальных устаноў Камітэта па справах кінематаграфіі пры СНК СССР. У 1941—1944 гг. палітработнік у Палітупраўленні Ціхаакіянскага, затым Чарнаморскага ваенна-марскога флоту. Пасля вайны працаваў у Міністэрстве культуры СССР, Міністэрстве культуры РСФСР. Сябра СП СССР з 1934 г.
Пахаваны на Увядзенскіх могілках Масквы, раён Лефортава.
У друку выступіў у 1923 г. з апавяданнямі і нарысамі. Выйшлі зборнікі апавяданняў “У прасторы” (Мінск, 1926), “Камунары” (Мінск, 1931), “На розныя тэмы” (Мінск, 1931), аповесць “Рыгор Галота” (Мінск, 1929), казка “Залатыя арэхі” (Мінск, 1930), вершаваны нарыс “Асінстан” (Мінск, 1931), апавяданне для дзяцей “Газета Ганначкі Хаваначкі” (Мінск, 1932) і зборнік апавяданняў “Блізкія далі” (Мінск, 1959). Выдаў таксама брашуры палітычнага і літаратуразнаўчага зместу: “Шляхам змагання і перамог” (Мінск, 1928), “11 ліпеня — дзень вызвалення ад белапалякаў” (Мінск, 1930), “Буржуазныя плыні ў сучаснай літаратуры” (Мінск, 1930). Аўтар п’есы “Раманы Зора” (1932) і інш. Разам з Р.Кобецам напісаў сцэнарый мастацкага кінафільма “Дняпро ў агні” (пастаўлены ў 1937), аўтар сцэнарыяў шэрагу дакументальных фільмаў, у тым ліку пра Я.Коласа і Ф.Скарыну. Пераклаў на рускую мову паасобныя творы К.Крапівы, К.Чорнага, П.Галавача і на беларускую — У.Сасюры. Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 28)