Багун Міхась Фёдаравіч (сапр. Блошкін, 8.11.1908, Мінск — 17.2.1938). Паэт.
У 1928 г. скончыў курсы пры Менскім беларускім педагагічным тэхнікуме. У 1929—1930 гг. настаўнічаў у вёсцы Рожна Лепельскага раёна. З 1931 г. працаваў у рэдакцыі газеты “Чырвоная Полаччына”, а ў 1932—1936 гг. — у Дзяржаўным выдавецтве БССР і ў рэдакцыі газеты “Літаратура і мастацтва”. У 1936 г. арыштаваны і асуджаны да 8 гадоў пазбаўлення волі. Рэабілітаваны пасмяротна Вярхоўным судом БССР 29.12.1954.
Памёр і пахаваны на адным з перасыльных лагпунктаў Марыінскага лагера (Расія). Месца пахавання невядомае. Кенатаф-помнік на магіле маці Веры Блошкінай на старых праваслаўных могілках у Гродна па вул. Антонава.
Першы верш апублікаваў у 1925 г. у газеце “Беларуская вёска”. Выйшлі кнігі паэзіі “Рэха бур” (Мінск, 1931), “Рэвалюцыі” (Мінск, 1932), “Выбранае” (Мінск, 1961). Асобным выданнем выйшла апавяданне для дзяцей “Жэнька” (Мінск, 1934). Перакладаў на беларускую мову творы А. Пушкіна, У. Маякоўскага, Э. Багрыцкага, Я. Гашака, Р. Альберці і інш. На словы М. Багуна напісаны шэраг песень.