Багдановіч Максім

Багдановіч Максім Адамавіч (9.12.1891, Мінск — 25.5.1917, Ялта, цяпер Украіна). Паэт.

Сын Адама Багдановіча. У 1892 г. пераехаў з бацькамі ў Гродна, у 1896 г., пасля смерці маці, — у Ніжні Ноўгарад. Вучыўся ў Ніжагародскай мужчынскай гімназіі. У 1908 г. разам з бацькоўскай сям’ёй пераехаў у Яраслаўль, дзе захварэў на сухоты. У 1911 г. скончыў гімназію і наведаў Вільню, дзе пазнаёміўся ў В. Ластоўскім, А. і І. Луцкевічамі і інш. дзеячамі беларускага Адраджэння. У 1911—1916 гг. вучыўся ў Дзямідаўскім юрыдычным ліцэі ў Яраслаўлі. У 1916 г. вярнуўся ў Мінск, працаваў у губернскай харчовай камісіі. Быў удзельнікам “Беларускай хаткі”. У 1917 г. на сабраныя сябрамі грошы выправіўся на лячэнне ў Крым, дзе і памёр.

Пахаваны на Ялцінскіх гарадскіх могілках.

Літаратурную дзейнасць пачаў у 1907 г. Публікаваўся на старонках газеты “Наша Ніва”. У пач. 1914 г. у Вільні выйшаў адзіны прыжыццёвы зборнік паэзіі “Вянок”. Пасля смерці творы паэта, у тым ліку апавяданні і публіцыстыка шматразова перавыдаваліся. У 1992—1995 гг. у Мінску быў выдадзены Поўны збор твораў у 3-х тамах. Творы багата перакладаліся. Музеі паэта працуюць у Мінску, Гродне і Яраслаўлі. Збор матэрыялаў сям’і Багдановічаў захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 153) і аддзеле рукапісаў Цэнтральнай бібліятэкі Акадэміі навук Літвы (фонд 21. Віленскі беларускі фонд).