Багдановіч Янка

Багдановіч Янка Антонавіч (17.11.1906, в. Гірбінята, цяпер Валожынскі р-н Мінскай вобл. — 13.7.1990, Вільнюс, Літва). Празаік, паэт, выдавец, мемуарыст.

Пасля смерці бацькоў у 1918 г. жыў і выхоўваўся ў Барунскім і Віленскім дзіцячых прытулках, арганізаваных у часе Першай сусветнай вайны беларускай інтэлігенцыяй. Скончыў Віленскую беларускую гімназію (1927). Да 1941 г. працаваў у друкарні імя Ф. Скарыны. У 1927—1938 гг. быў адным з выдаўцоў часопіса “Шлях моладзі”. У час Другой сусветнай вайны вучыўся ў Віленскай настаўніцкай семінарыі, потым настаўнічаў. У 1952 г. паступіў ў Нова-Віленскі педагагічны інстытут, але быў арыштаваны і сасланы ў Варкуту (Расія). Рэабілітаваны ў 1956 г. Вярнуўся ў Вільню, дзе працягваў настаўніцкую працу. Скончыў педагагічны інстытут.

Пахаваны на могілках Саўлес, Вільня, Літва. Публікаваўся з 1930 г. У 1992 г. у Мінску выйшла падрыхтаваная А. Лісам кніга ўспамінаў “На жыццёвым шляху”.