Астрэйка Сяргей

Астрэйка Сяргей Адамавіч (26.6(9.7.).1912, в. Каласоўшчына, цяпер Капыльскі р-н Мінскай вобл. — 14.9.1937, Ірбіт, Свярдроўская вобл., Расія). Паэт.

Скончыў Мінскі беларускі педагагічны тэхнікум (1930). Быў рэдактарам у Беларускім навукова-даследчым інстытуце прамысловасці, а ў 1932—1933 гг. — навуковым супрацоўнікам Інстытута мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР (працаваў у слоўнікавай камісіі). У 1933 г. арыштаваны і асуджаны да пяці гадоў высылкі. Пакаранне адбываў у г. Ірбіт Свярдлоўскай вобласці. Працаваў бухгалтарам матэрыяльнага аддзела Ірбіцкага падшыпнікавага завода. У 1937 г., не адбыўшы тэрміну, арыштаваны паўторна. Прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1957 г.

Расстраляны ў г. Ірбіт Свярдлоўскай вобл. РФ. Месца пахавання невядомае. Першыя паэтычныя творы апублікаваў у 1928 г. на старонках газеты “Чырвоная змена”. Вершы друкаваліся ў часопісах “Полымя” (1930, 1931, 1965), “Чырвоная Беларусь” (1931, 1932), зборніку “Дзень паэзіі” (1965). Рукапіс першага зборніка “Смарагды кроз” не ўбачыў свету з-за арышту. Рукапіс паэмы “Бенгалія” доўгі час лічыўся загінулым у час Вялікай Айчыннай вайны, аднак кавалак яе быў знойдзены ў 2018 г. і апублікаваны ва ўкладзеным В. Жыбулем зборніку паэта “Змарагды кроз” (Мінск, 2021).