Астапенка Анатоль Уладзіміравіч (псеўд. Антон Кулон, 7.8.1947. в. Мсцібава, Ваўкавыскі р-н Гродзенскай вобл.). Пісьменнік, публіцыст, фізік. Сябра СБП ад 2007 г.
Скончыў фізічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1970), аспірантуру Інстытута фізікі АН БССР па спецыяльнасці “Тэарэтычная і матэматычная фізіка” (1975). Кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт. Мае вучоную ступень Міжнароднай акадэміі інфармацыйных тэхналогій — доктар навук у галіне інфармацыйных тэхналогіий (паліталогія). Тэма доктарскай дысертацыі: “Нацыянальная ідэя ў сучасным свеце”. У 1990—1994 гг. быў сустаршынёй Нацыянальна-дэмакратычнай партыі Беларусі. У 1994-1999 гг. сузаснавальнік і старшыня Беларускай нацыянальнай партыі. Займаецца вывучэннем беларускай культуры, гісторыі і рэлігіі. У 1994 годзе надрукаваў у часопісе “Маладосць” свой першы публіцыстычны артыкул “Міф аб талерантнасці беларусаў” і з таго часу пачаў займацца літаратурнай дзейнасцю. Аўтар кніг “Хрысціянства і нацыянальная ідэя” (Мінск, 1998), “Паслухайце нацыяналіста” (Vilnius. 2000), “Нацыянальная ідэя ў сучасным свеце” (Мінск, 2004), “Игде зродилися и ускормлены суть побозе. Дослед беларускага нацыяналізму” (Санкт-Петербург, 2010), “Сіняя кніга беларускага алкаголіка” (пад псеўд. Антон Кулон; Мінск, 2012, 2018; па-руску: Минск, 2013, 2018), “Між светам тым і гэтым. Апавяданні беларускага алкаголіка” (Мінск, 2017), “Муза сабачага сквера: незвычайныя гісторыі ад Антона Кулона” (Мінск, 2019), “Роль этнических факторов и модерных процессов в формировании белорусской нации” (Минск, 2020), “Беларусы: ад этнасу да нацыі” (Мінск, 2022). У серыі “100 выдатных дзеячаў беларускай культуры” выдаў біяграфічныя эсэ, прысвечаныя Міколу Ермаловічу, Мікалаю Крукоўскаму, Міхасю Стральцову, Ларысе Геніюш, Уладзіміру Конану, Барысу Сачанку.