Астапенка Алесь Кірылавіч (14.7.1920, в. Сырская Буда, Кармянскі р-н Гомельскай вобл. — 20.7.1970, Мінск). Паэт, перакладчык. Сябра СП з 1947 г.
Да Вялікай Айчыннай вайны скончыў тры курсы літаратурнага факультэта Мінскага педагагічнага інстытута. Адначасова працаваў у рэдакцыі газеты “Звязда”. У час Вялікай Айчыннай вайны быў рэдактарам і дыктарам беларускай рэдакцыі Усесаюзнага радыёкамітэта (Масква), удзельнічаў у баях на Заходнім і Бранскім франтах. Улетку 1943 г. пад Арлом быў цяжка паранены. З восені 1943 г. зноў працаваў на радыё ў Маскве. Па вяртанні ў Мінск, у 1946—1947 гг. загадваў аддзелам літаратуры і мастацтва газеты “Чырвоная змена”, у 1947—1953 гг. — аддзелам піянерскага жыцця часопіса “Бярозка”. Сябра СП СССР з 1947 г. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені і медалямі.
Пахаваны на Усходніх могілках Мінска.
У 1940 г. выступіў з рэцэнзіямі і артыкуламі. Першы верш апублікаваў у 1942 г. Аўтар зборнікаў паэзіі “Выпрабаванне” (Мінск, 1947, дапоўненае выданне ў 1980), “Дзень маёй Радзімы” (Мінск, 1952), “Выбранае” (Мінск, 1957), “Сэрца спявае” (Мінск, 1960). Паасобныя вершы пакладзены на музыку. Перакладаў на беларускую мову творы рускіх, украінскіх, летувіскіх, латышскіх, нямецкіх паэтаў, а таксама грузінскія казкі.