Аршанскі Бэр Эмануілавіч (Барыс Міхайлавіч) (30.11.1883, Гарадок, цяпер Віцебская вобл. — 15.11.1945, Масква, Расія). Празаік, драматург, крытык.
Паходзіў з яўрэйскай сям’і. З 1902 г. жыў у Рызе. Уступіў у Бунд. У 1908 г. пераехаў у Вільню. З 1913 г. жыў у Петраградзе, друкаваўся ў нелегальным друку, вёў рэвалюцыйную прапаганду, неаднойчы быў арыштаваны. У 1918 г. накіраваны ў Віцебск на працусакратаром губкама РСДРП. У 1919 г. быў на падпольнай працы ў Літве. Потым пераехаў у Мінск. З 1920 г. быў намеснікам старшыні выканкама Мінскага гарадскога Савета, наркам працы БССР. У 1925—1926 гг. рэдагаваў газету “Кастрычнік” (выдавалася на ідыш). Быў намеснікам загадчыка агітацыйна-прапагандысцкага аддзела ЦК КП(б)Б. E 1920—1926 гг. быў членам ЦВК БССР. У 1927 г. накіраваны на партыйную працу ў Свярдлоўск. З 1929 г. зноў у Мінску. Працаваў загадчыкам яўрэйскага сектара Беларускай Акадэміі навук. У 1930-я гг. пабываў на Калыме.
Пахаваны на Новадзявочых могілках Масквы.
Літаратурную дзейнасць пачаў у Вільні. Пісаў на ідыш, беларускай і рускай мовах. Аўтар п’есаў (на ідыш) “Вечны сон” (Вільня, 1909), “Ганна” (Вільня, 1911), “Пачатак усходу” (Вільня, 1911), “Кроў” (Мінск, 1929). Выдаў зборнікі апавяданняў (на ідыш) “На хвалях” (Масква, 1924), “У сіненькай шкатулцы” (Мінск, 1927), “З разяўленым ротам” (Мінск, 1929), “У тайніку” (Масква, 1930), “Арцём” (Масква, 1932), “На Калыме” (Масква, 1937), “Эпізоды” (Масква, 1940), “Калымскія апавяданні” (Мінск, 1941). Аўтар даследчых публікацый (на ідыш) “Тэатральная барацьба” (Масква, 1931), “Яўрэйская літаратура пасля рэвалюцыі” (Масква — Харкаў — Мінск, 1931).