Арол М. (Сцяпан Пяцельскі)

Арол М. (сапр. Пяцельскі (Пятэльскі) Сцяпан Язэпавіч, каля 1890, в. Гарадок, цяпер Грудэк Беластоцкага пав. Падляскага ваяв., Польшча — канец 1917(1918?), Украіна). Пісьменнік-нашанівец.

Пасля заканчэння царкоўна-настаўніцкай школы ў Ялоўцы (Беласточчына, 1909) вучыў дзяцей у Ялоўцы, Гарадку, пазней у Струзе (цяпер Мастоўскі раён, 1910—1912) і Парэччы на Гарадзеншчыне. У 1913—1914 гг. жыў на Ковеншчыне. На пачатку першай сусветнай вайны мабілізаваны ў армію. Браў удзел у баявых дзеяннях. У верасні 1917 г. знаходзіўся са сваёй часцю на Ўкраіне. Узнагароджаны Георгіеўскім крыжам.

Памёр ва Украіне ад тыфу, дата смерці і месца пахавання невядомае. З першым вершам выступіў у друку ў 1909 г. (газета “Наша ніва”). Паэтычныя і публіцыстычныя творы пісьменнік публікаваў у “Беларускім календары «Нашай нівы»”, часопісе “Лучынка” і іншых беларускіх выданнях. Падрыхтаваў кніжку паэзіі “Лірнік” і ў 1913 г. паслаў у Віленскае выдавецкае таварыства, але выхаду яе перашкодзіла першая сусветная вайна. Асобныя творы змешчаны ў кнігах “Хрэстаматыя новай беларускай літаратуры” (Вільня, 1927), “Беларуская дакастрычніцкая паэзія” (Мінск, 1967), у “Беларускім календары” (Беласток, 1979). На беларускую мову перакладаў творы В.Бялінскага.