Арочка Мікола Мікалаевіч (10.12.1930, в. Вецявічы, Слонімскі р-н Гродзенскай вобл. — 2.3.2013, в. Вецявічы, Слонімскі р-н Гродзенскай вобл.). Паэт, літаратуразнаўца. Сябра СП з 1975 г.
Cкончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1956). У 1956—1960 гг. працаваў у часопісе “Сельская гаспадарка Беларусі”, у 1962 г. — у газеце “Літаратура і мастацтва”. У 1966 г. скончыў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. У 1966 — пач. 1990-х гг. — навуковы супрацоўнік гэтага інстытута. Доктар філагічных навук. Сябра СП СССР з 1958 г.
Пахаваны ў в. Вецявічы Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці.
У друку з вершамі пачаў выступаць з 1949 г. (баранавіцкая абласная газета “Чырвоная звязда”). Аўтар кніг паэзіі “Не ўсе лугі пакошаны” (Мінск, 1958), “Ветраломная паласа” (Мінск, 1962), “Крылатае семя” (Мінск, 1967), “Кветкі бяссмертніка” (Мінск, 1972), “Матчына жыта” (Мінск, 1978), “Колас на ржышчы” (Мінск, 1980), “Бяздоннае” (Мінск, 1985), “Падземныя замкі” (Мінск, 1986), “Памяць зярнятаў” (1991), драматычных паэм “Курганне. Крэва” (Мінск, 1982), “Судны дзень Скарыны” (Мінск, 1990, 1996, 2001), кнігі вершаў для дзяцей “У птушынай вёсцы” (Мінск, 1964) і аповесці “Хай расце маладая таполя” (Мінск, 1964). Выдаў крытыка-літаратуразнаўчыя кнігі “Валянцін Таўлай” (Мінск, 1969), “Галоўная служба паэзіі” (Мінск, 1974), “Беларуская савецкая паэма” (Мінск, 1979), “Саюз часу і майстэрства” (Мінск, 1981), “Максім Танк: Жыццё ў паэзіі” (Мінск, 1984), “Поэзия и война” (Минск, 1987), “Пад высокай зоркай: паэзія М.Ю.Лермантава ў творчым лёсе Аркадзя Куляшова” (Мінск, 1990), “На парозе 90-х: літаратурны агляд” (у суаўтарстве з П. Дзюбайла і С.Лаўшук; Мінск, 1993). Перакладаў з рускай, латышскай, польскай, англійскай моў.