Арахоўскі Мікалай Аляксандравіч (3.7.1950, в. Сялец, Бярозаўскі р-н Брэсцкай вобл. — 10.4.1997). Драматург, празаік, мастак. Сябра СБП з 1991 г.
Скончыў Мінскую мастацкую вучэльню (1968), Мінскі тэатральна-мастацкі інстытут (1976). Працаваў мастаком-афарміцелем у Бярозаўскім раённым Доме культуры, Брэсцкіх вытворча-мастацкіх майстэрнях.
Пахаваны ў в. Сялец Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці.
Аўтар болей дзясятка п’есаў. Сярод іх: “Машэка” (у 1989 г. пастаўлена на сцэне Брэсцкага абласнога тэатра драмы), “Напярэдадні” (у 1991 г. пастаўлена Бярозаўскім народным тэатрам), “Ку-ку” (у 1991 г. пастаўлена Мінскім тэатрам нацыянальнай драматургіі) і інш., у тым ліку, п’есы для дзяцей “Жыў-быў шчупак” і “Міль і яго сябры”. За п’есу “Лабірынт” атрымаў прэмію імя Кандрата Крапівы (1997).
Значная частка творчай спадчыны засталася ў рукапісах, якія захоўваюцца ў літаратурна-краязнаўчай гасцёўні “Вытокі Башты” Сялецкай сельскай бібліятэкі.