Арабей Лідзія

Арабей Лідзія Львоўна (дзяв. Качкоўская, 27.6.1925, в. Нізок, цяпер Уздзенскі р-н Мінскай вобл. — 20.2.2015, Мінск). Празаік, літаратуразнаўца. Сябра СП з 1958 г.

У час Вялікай Айчыннай вайны жыла ў Шчучыне Гарадзенскай вобласці. Пасля вызвалення была супрацоўнікам рэдакцыі шчучынскай раённай газеты “Чырвоны сцяг”. З 1945 г. жыла ў Мінску. Працавала ў часопісе “Вожык”, рэдакцыі газеты “Чырвоная змена”, настаўнічала. Скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1951), аспірантуру пры Інстытуце літаратуры і мастацтва АН БССР (1954). У 1955—1967 гг. была старшым рэдактарам выдавецтва “Беларусь”, у 1967—1974 гг. — літсупрацоўнікам часопіса “Полымя”. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1958 г.

Пахаваная на Паўночных могілках Мінска (калумбарый).

Літаратурную працу пачала ў 1945 г. Выступала як празаік, крытык, літаратуразнавец. У 1956 г. выдала даследаванне “Цётка (Алаіза Пашкевіч)”, у 1959 г. — крытыка-біяграфічны нарыс “Хвядос Шынклер”. Аўтар зборнікаў аповесцей і апавяданняў “Мера часу” (Мінск, 1962), “Экзамен” (Мінск, 1963), “Ларыса” (Мінск, 1964), “Ваўчкі” (Мінск, 1972), “Сярод ночы” (Мінск, 1968), “На другой зіме вайны” (Мінск, 1968), “Мне трэба ехаць” (Мінск, 1974), “Паласа дажджу” (Мінск, 1984), “Пошукі кахання” (Мінск, 1987), “Халодны май” (Мінск, 1993), “Перавал” (Мінск, 1998), “Пошукі ісціны” (Мінск, 2005, 2012), “Белае поле” (Мінск, 2008), “Горкія ягады” (Мінск, 2011), дакументальных аповесцей пра Цётку “На струнах буры” (Мінск, 1967), “Стану песняй” (Мінск, 1977, 1999) і “На полымі любві” (Мінск, 2006), раманаў “Іскры ў папялішчы” (Мінск, 1970) і “Сузор’е Вялікай Мядзведзіцы” (Мінск, 1980), кнігі сатыры і гумару “Кватэра № 3” (Мінск, 1961). Выдала зборнікі апавяданняў для дзяцей “Калібры” (Мінск, 1960), “Ісці ў разведку” (Мінск, 1989) і аповесць “Сіні бор” (Мінск, 1972), “Добрая фея” (Мінск, 1999). У 1985 г. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах, у 2013 г. — у серыі “Беларускі кнігазбор”. Пераклала раман эстонскага пісьменніка А.Хінта “Бераг вятроў” (з А.Раманоўскай, Мінск, 1960).

Дакументы з асабістага архіву захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 202).