Алешка Антон

Алешка Антон Антонавіч (19.1(1.2).1913, в. Балотчыцы, цяпер Слуцкі р-н Мінскай вобл. — 13.9.1971, Мінск). Празаік. Сябра СП з 1951 г.

Скончыў двухгадовыя педагагічныя курсы пры Слуцкім педагагічным тэхнікуме (1931) і да 1935 г. настаўнічаў у мястэчку Лапічы Асіповіцкага раёна. Скончыў Ваенна-медыцынскую акадэмію (1941). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны — на фронце, спачатку на Заходнім, а потым на 3-м Беларускім. Пасля вайны служыў ваенным лекарам у ваенна-паветраных сілах. Дэмабілізаваўся ў 1963 г. Жыў у Менску. Сябра СП СССР з 1951 г. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны II ступені, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, “Знак Пашаны” і медалямі.

Пахаваны на Чыжоўскіх могілках Мінска.

Першыя апавяданні надрукаваў у 1932 г. У 1938—1939 гг. часопіс “Полымя” змясціў некалькі апавяданняў і аповесць “Маладосць”. Аўтар кніг “Раніца” (Мінск, 1949), “Іх першых вітае сонца” (Мінск, 1957), “Пяць сутак” (Мінск, 1959), “Над намі мільён вышыні” (Мінск, 1965), “Дарогі без слядоў” (Мінск, 1969), “Неба на замку” (Мінск, 1974, 1984).