Александровіч Алеся Іванаўна (12.7.1904, Мінск — 25.8.1947, Мінск). Крытык, літаратуразнаўца, перакладчыца, аўтарка падручнікаў.
Сястра Андрэя Александровіча. У 1920 г. брала ўдзел у працы клуба беларускай мастацкай інтэлігенцыі, пачала працаваць у Беларускім дзяржаўным тэатры (БДТ-1). Сябравала з М. Чаротам, у 1921 г. стала першай выканаўцай ролі Алесі ў яго музычнай драме “На Купалле” (роля была напісана адмыслова для яе). Брала ўдзел у працы “Беларускай хаткі”, спявала ў Беларускім народным хоры пад кіраўніцтвам У. Тэраўскага. Скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1928). Выкладала літаратуру ў Беларускім педагагічным тэхнікуме. У 1934—1936 гг. працавала ў аддзеле рэкамендацыйнай бібліяграфіі Дзяржаўнай бібліятэкі БССР. Уклала падручнікі “Родная краіна” (“Родная слова”), “Хрэстаматыю па літаратуры” для 3-га і 4-га класаў, чытанне для 7-га класа “Родная літаратура”, якія шматразова перавыдаваліся. Была знаёмая з Я. Купалам. У 1944—1947 гг. працавала ў Літаратурным музеі Янкі Купалы.
Пахаваная на Вайсковых могілках Мінска.
Аўтарка артыкулаў пра творчасць З. Бядулі, А. Куляшова, П. Труса, М. Танка і інш. Склала жыццёвы і творчы летапіс Янкі Купалы, напісала ўспаміны пра класіка. Пераклала на беларускую мову кнігі Н. Крупскай, Ул. Караленкі і інш