Алехнік Алесь Апанасавіч (31.7.1929, уроч. Перунова, каля в. Лахва, цяпер Лунінецкі р-н Брэсцкай вобл. — 03.12.2006, Сідней, Аўстралія). Мемуарыст, выдавец, беларускі грамадскі дзеяч у Аўстраліі.
Вучыўся ў Перуноўскай школе і польскай гімназіі ў Лахве. У 1944 г. разам з бацькоўскай сям’ёй выехаў у Германію, дзе жыў у лагеры Ізамос каля Дынгольфінга, працаваў на заводзе. Пасля Другой сусветнай вайны вучыўся на каморніцкіх курсах у Мюнхене. У 1947 г. перабраўся ў беларускі лагер Міхельсдорф. У снежні 1950 г. пераехаў у Аўстралію (Сідней). Працаваў на пабудове Снежнагорскай гідратэхнічнай сістэмы. Хутка далучыўся да беларускага грамадскага жыцця. Быў сябрам і доўгагадовым сакратаром Беларускага аб’яднання ў Аўстраліі, ад імя якога прадстаўляў беларусаў на разнастайных міжнацыянальных форумах у Аўстраліі (удзельнічаў у дзвюх Аўстралійскіх грамадзянскіх канвенцыях, быў назіральнікам у Парламенце і г.д.) і па-за яе межамі (на канферэнцыях Антыкамуністычнай лігі народаў Азіі і Сусветнай антыкамуністычнай лігі). Пры канцы 1950-х гг. займаўся выданнем Інфармацыйнага бюлетэня Беларускага аб’яднання ў Аўстраліі “Новае Жыцьцё”. У 1969—1982 гг. — кіраўнік Краёвага штаба Беларускага вызвольнага фронта ў Аўстраліі. Аўтар кнігі ўспамінаў “Пад бел-чырвона-белым” (Вільня, 1999). Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 452).