Акудовіч Валянцін

Акудовіч Валянцін Васільевіч (18.6.1950, Свіслач, Гродзенская вобл.). Філосаф, эсэіст, літаратурны крытык, празаік.

Працаваў экспедытарам на Свіслацкім хлебазаводзе (1967—1968), токарам, слесарам і інжынерам па металу на Мінскім маторным заводзе(1968—1969, 1970—1975), служыў у Савецкай арміі (1969—1970). У 1980 г. скончыў Літаратурны інстытут імя А.Горкага ў Маскве па спецыяльнасці літаратар. У 1980—1981 гг. быў кіраўніком турысцкага гуртка ў Доме піянераў Заходскага раёна Мінска, у 1981—1985 і 1986 гг. быў вартаўніком і ў 1985 г. лодачнікам на аўтатурбазу “Нарачанка”. У 1986—1990 гг. намеснік дырэктара Мінскай школы турызму, адкуль у 1991 г. перайшоў на кафедру спартовага турызму Беларускага філіяла Інстытута турызму. Быў майстрам спорта СССР па спартовым турызме. У 1991—1999 гг. працаваў рэдактарам аддзела, першым намеснікам галоўнага рэдактара ў штотыднёвіку “Культура”. Пазней быў рэдактарам аддзела філасофіі і замежнай літаратуры часопіса “Крыніца”, штотыднёвіка “Літаратура і мастацтва”. Адначасова быў намеснікам галоўнага рэдактара філасофскага часопіса “Фрагмэнты”, выкладаў у Беларускім калегіюме (з 2001 г. курыраваў аддзяленне філасофіі і літаратуры. У 2004—2007 гг. — рэдактар філасофскага часопіса “Перекрёстки”, куратар часопіса “Паміж”. Аўтар філасофскіх і літаратурна-мастацкіх кніг “Мяне няма. Роздумы на руінах чалавека” (Мінск, 1998), “Разбурыць Парыж” (Мінск, 2004), “Дыялогі з Богам” (Мінск, 2006, па-польску: Wroclaw, 2008), “Код адсутнасці. Асновы беларускай ментальнасці” (Мінск, 2007, па-руску: Kaunas, 2008, па-літоўску: Vilnius, 2008, па-нямецку: Berlin, 2013), “Архіпелаг Беларусь” (Мінск, 2010), “Кніга пра нішто” (Мінск, 2012), “Прачнуцца ранкам у сваёй краіне” (Вільня, 2015). Разам з Алесем Анціпенкам уклаў “Анталёгію сучаснага беларускага мыслення” (Санкт-Пецярбург, 2003) і кнігу “Невядомая Беларусь” (Менск, 2008). Лаўрэат прэміі штотыднёвіка “Літаратура і мастацтва” (1993), прэміі часопіса “Крыніца” (1995), прэміі Беларускага гуманітарнага цэнтра (1997), прэміі імя Алеся Адамовіча (2001), літаратурнай прэміі “Гліняны Вялес” (2007), прэміі “Залатая літара” (2012).