Аколава Валянціна

Аколава Валянціна Валянцінаўна (25.7.1954, в. Мазуршчына, Салігорскі р-н Мінскай вобл. — 24.12.2013, Мінск). Паэтка, перакладчыца. Сябра СП з 1986 г.

Скончыла Полацкую музычна-педагагічную вучэльню імя Ф.Скарыны. У 1973—1977 гг. працавала настаўніцай у Ветрынскай школе-інтэрнаце Полацкага раёна, потым метадыстам наваполацкага Палаца культуры нафтавікоў. У 1977—1978 гг. карэспандэнт шматтыражнай газеты “Знамя новостройки” трэста № 16 “Нафтабуд”, у 1979—1980 гг. — у рэдакцыі радыёвяшчання Наваполацкага вытворчага аб’яднання “Палімір”. У 1980 г. завочна скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1981—1986 гг. працавала ў выдавецтве “Юнацтва”, у 1987—1988 гг. — літкансультантам газеты “Знамя юности”. Сябра СП СССР з 1986 г.

Пахаваная на Заходніх могілках Мінска (участак 27, рад 23, месца 17).

Першыя вершы надрукавала ў 1968 г. у салігорскай газеце “Шахцёр”. Адна з аўтараў паэтычнага зборніка “Сцяжына” (Мінск, 1983). Аўтар зборнікаў паэзіі “За тым лугам зеляненькім” (Мінск, 1987), “Вяртанне ў заўтра” (Мінск, 1990), “Я люблю сваю Белую Русь” (Мінск, 1990), “Случарыны” (Мінск, 1994), а таксама паэмы-п’есы “Палачанка Інгрэна, альбо Вяртанне Скарыны” (1990). Паасобныя вершы пакладзены на музыку. Перакладала з рускай, украінскай і славацкай моваў.