Адамчык Вячаслаў

Адамчык Вячаслаў Уладзіміравіч (1.11.1933, в. Варакомшчына, Дзятлаўскі р-н Гродзенскай вобл. — 5.8.2001, Мінск). Празаік, драматург.

Пасля заканчэння сямігодкі (1949) працаваў грузчыкам на станцыі Наваельня і вучыўся ў вячэрняй школе. У 1952—1957 гг. займаўся на аддзяленні журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў у газетах “Знамя юности” (1957—1958), “За вяртанне на Радзіму” (1958—1960), рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР (1960—1962), рэдактарам аддзела публіцыстыкі часопіса “Полымя” (1962—1963). У 1965 г. скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы пры СП СССР у Маскве. Быў літсупрацоўнікам часопіса “Неман” (1965—1967), загадчыкам рэдакцыі часопіса “Полымя” (1967—1969), рэдактарам аддзела прозы, намеснікам галоўнага рэдактара часопіса “Маладосць” (1969—1977). У 1977—1980 гг. працаваў галоўным рэдактарам сцэнарнай майстэрні пры кінастудыі “Беларусьфільм”, у 1980—1982 гг. — намеснікам галоўнага рэдактара выдавецтва “Мастацкая літаратура”. З 1982 г. быў галоўным рэдактарам часопіса “Бярозка”. У 1983 г. браў удзел у рабоце XXXVIII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Сябра СП СССР з 1960 г.

Пахаваны на Кальварыйскіх могілках Мінска.

Дэбютаваў вершамі ў 1952 г. У 1957 г. апублікаваў першае апавяданне. Аўтар зборнікаў прозы “Свой чалавек” (Мінск, 1958), “Млечны шлях” (Мінск, 1960), “Міг бліскавіцы” (Мінск, 1965; па-руску: Масква, 1970), “Дзікі голуб” (Мінск, 1972), “Дзень ранняй восені” (Мінск, 1974), “Раяль з адламаным вечкам” (1990), “Яблык спакусы” (Мінск, 1995), “Разьвітальная аповесць” (Мінск, 1999) і раманаў “Чужая бацькаўшчына” (Мінск, 1978; паводле рамана зняты мастацкі фільм, 1982 і тэлеспектакль, 1983; па-руску, Москва, 1980), “Год нулявы” (Мінск, 1983; па-руску, Москва, 1984; па-польску, Lublin, 1984), “І скажа той, хто народзіцца…” (Мінск, 1987; па-руску, Москва, 1989). Пісаў сцэнары для дакументальных фільмаў, п’есы, пераклаў на беларускую мову паасобныя творы М.Прышвіна, Ю.Казакова, С.Залыгіна і інш., а таксама кнігу балгарскіх народных казак “Незвычайны асілак” (1961). Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя І.Мележа (1980, за раман “Чужая бацькаўшчына”) і Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1988, за раманы “Чужая бацькаўшчына”, “Год нулявы”, “І скажа той, хто народзіцца…”). Першае пасмяротнае выданне — зборнік “Нязрушаны камень” — пабачыла свет у Мінску ў 2002 г.