Абуховіч Тодар Іеранім (1642(1643) — 14.4.1707). Мемуарыст, дзеяч ВКЛ.
Нарадзіўся ў шляхецкай сям’і П.К.Абуховіча. У 1657—1669 гг. служыў пры двары караля Рэчы Паспалітай Яна Казіміра Вазы. Суправаджаў яго ў час ваеннай экспедыцыі за Дняпро (1664). Пасля адрачэння караля ад трона (1669) паехаў з ім у Францыю. У 1670 г. разам з групай каралеўскай шляхты вярнуўся морам, праз Гамбург, на радзіму, у родавы маёнтак Дорагава каля мястэчка Карэлічы (цяпер Гродзенская вобл.). У 1672 г. накіраваўся ў ваенны паход супраць туркаў, удзельнічаў у бітве пад Хоцінам (1673). У 1674 г. ажыццявіў паломніцтва ў Рым, вяртаючыся назад, наведаў Ларэта, Балонню i Вену. У 1672, 1678—1700 гг. на наваградскіх сойміках неаднаразова выбіраўся паслом на соймы, дзе выконваў розныя даручэнні: падкаморы (1693), кашталян (1700). Быў адзіным спадчыннікам родавых маёнткаў Ліпа і Дорагава Наваградскага ваяводста, i Горбавічы Мазырскага павета, трымаў у арэндзе Цырын (Гродзенскай вобл.).
Пахаваны ў сямейным склепе ў езуіцкім касцёле ў Наваградку.
У апошнія гады жыцця Т.І. Aбуховіч напісаў на польскай мове ўспаміны, у якіх расказаў пра сваё жыццё і найважнейшыя падзеі ў тагачаснай Рэчы Паспалітай. Мемуары упершыню апублікаваныя М. Баліньскім у кнізе “Pamiętniki historzczne: do wyjaśnienia spraw publicznych w Polsce XVII wieku posługujące…” (Wilno, 1859). Па-беларуску выдадзеныя ў зборніку “Дыярыушы XVII стагоддзя (1594―1707 гады)” (Мінск, 2016).