Абуховіч Піліп Казімір (каля 1600 — 6.9.1656). Мемуарыст, адрасат і галоўная дзейная асоба “Ліста да Абуховіча”. Бацька М.Л. і Т.І. Абуховічаў.
Нарадзіўся ў шляхецкай сям’і мазырскага старасты. Закончыў Замойскую акадэмію і служыў пры двары віленскага ваяводы, канцлера ВКЛ Я.Сапегі. Вызначаўся майстэрствам рыторыкі, пра што сведчаць яго прамовы на лацінскай i грэцкай мовах у гонар П.Замойскага (1617). Быў намеснікам мазырскага кашталяна. У 1632 г. выбраны паслом ад Мазырскага павета ў Трыбунал Вялікага Княства Літоўскага. На Віленскім канвакацыйным сойме 1634 г. выступаў як прадстаўнік Мазырскага павета, а на соймах 1638, 1639, 1640. 1645, 1646 гг. — як пасол ад Наваградскага ваяводства. На канвакацыйным сойме 1648 г. выбраны прадстаўніком ад ВКЛ у раду пры прымасе (гнезненскім арцыбіскупе) М.Лубенскім, на выбарчым сойме — маршалкам пасольскай палаты. На каранацыйным сойме 1649 г. у Кракаве адкрываў цырымоніі як маршалак папярэдняга сойма, выбраны ў камісію па перагаворах са Швецыяй. У 1651 г. прызначаны вялікім паслом ад ВКЛ да цара Аляксея Міхайлавіча, каб заключыць дагавор з Расіяй супраць татар. З 1653 г. быў ваяводам смаленскім. У 1654 г. узначальваў абарону Смаленска i пасля доўгай аблогі вымушаны быў здаць горад рускім войскам. За гэта быў абвінавачаны ў здрадзе. Па руках пачалі хадзіць зласлівыя “пашквілі”, у т.л. “Ліст да Абуховіча”, напісаны 6.7.1655 у Тулянах Іванам-Цыпрыянам Каманякам (Каманэнькам). У маі 1655 П.К.Абуховіч быў выкліканы на сойм наконт здачы смаленскай крэпасці. Кароль даў магчымасць яму даказаць сваю вернасць дзяржаве i даверыў камандаванне літоўскімі палкамі ў бітве супраць шведаў пад Варшавай. У ліпені 1656 г. П.К.Aбуховіч накіраваўся ca сваім атрадам пад Брэст, дзе захварэў i памёр.
Пахаваны ў сямейным склепе ў езуіцкім касцёле ў Наваградку. Намаганнямі сыноў быў апраўданы на надзвычайным сойме 1658 г.
Аўтар польскамоўнага дыярыуша, які ахоплівае падзеі 1630—1654 гг., а таксама запісаў пра абарону Смаленска і выбары 1632 г. Дыярыуш быў упершыню апублікаваны М. Баліньскім у кнізе “Pamiętniki historzczne: do wyjaśnienia spraw publicznych w Polsce XVII wieku posługujące…” (Wilno, 1859). Па-беларуску выдадзеныя ў зборніку “Дыярыушы XVII стагоддзя (1594―1707 гады)” (Мінск, 2016).