Анемпадыстаў Міхал

Анемпадыстаў Міхал Уладзіміравіч (16.3.1964, Мінск — 24.1.2018, Мінск). Паэт, мастак, эсэіст.

Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча (1983). У 1982—1984 гг. быў сябрам моладзевага творчага згуртавання “Майстроўня”. Служыў ва Узброеных сілах. У 1989—1994 гг. працаваў мастацкім рэдактарам у часопісе “Бярозка”. Як мастак працаваў у жанрах ужытковай графікі, ілюстрацыі, плаката, фатаграфіі. Удзельнічаў у калектыўных і персанальных выстаўках у Беларусі і за мяжой. З 1997 г. быў сябрам Беларускага саюза дызайнераў, з 2011 г. — уваходзіў у яго праўленне. Быў аўтарам розных вядомых лагатыпаў, у тым ліку грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі!”, рок-фестываляў “Басовішча” (2007, 2008) і інш. Сябра Беларускага ПЭН-Цэнтру з 2009 г.

Пахаваны на Чыжоўскіх могілках Мінска.

З 1990-х быў адным са стваральнікаў беларускай рок-паэзіі. Быў аўтарам ідэі і тэкстаў рок-мюзікла “Народны альбом” (1997), песень для беларускіх гуртоў і выканаўцаў “Новае неба”, “N.R.M.”, Касі Камоцкай і інш. У 2013 г. выдаў зборнік сваіх вершаў “Глыбока, глыбока на дне філіжанкі кавы”. Лаўрэат прэміі “Рок-каранацыя” (1996, 1997 гг., у тым ліку за “Народны альбом” як найлепшы альбом года).