Аляхновіч Мікалай

Аляхновіч Мікалай Мікалаевіч (8(21).4.1903, Барысаў, Мінская вобл. — 9.4.1959, Ленінград, цяпер Санкт-Пецярбург, Расія). Крытык-маладняковец.

У 1920 г. скончыў восем класаў Барысаўскай мужчынскай гімназіі. У 1921—1924 гг. вучыўся на медыцынскім факультэце, а ў 1930 г. скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1925—1930 гг. настаўнічаў. У 1925—1927 гг. — кіраўнік Барысаўскай філіі “Маладняка”. У 1930—1932 гг. аспірант, у 1932—1934 гг. навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры і мастацтва АН БССР. Адначасова працаваў выкладчыкам Менскага вышэйшага педінстытута (1933—1936). У 1936 г. быў рэпрэсаваны. Адбываў ссылку на Калыме (1938-1942). На пасяленні ў Іркуцкай і Карагандзінскай абласцях працаваў лекарам. У 1957 г. рэабілітаваны.

Жыў і памёр у Ленінградзе, дзе і пахаваны.

Друкавацца пачаў у 1919 г., як крытык выступаў з 1926 г. Аўтар артыкулаў і рэцэнзій пра творчасць А.Александровіча, М.Багдановіча, М.Зарэцкага, Я.Коласа, Р.Мурашкі, П.Труса, Я.Скрыгана, А.Пушкіна, М.Горкага і інш.