У канцы 2023 года пабачылі свет літаратурныя альманахі з творамі пісьменнікаў Гарадзеншчыны (“Новы замак”) і Берасцейшчыны (“Жырандоля”).
У дванаццатым нумары гарадзенскага альманаху “Новы замак” чытачы знойдуць новыя вершы Рычарда Бялячыца, Уладзіміра Васько, Паліны Дваранскай, Міколы Канановіча, Альжбеты Кеды, Мечыслава Курыловіча, Віктара Сазонава і Янкі Трацяка. Сярод аўтараў празаічных твораў Віктар Варанец, Уладзімір Васько, Міхась Зізюк, Станіслаў Суднік і інш. Таксама ў альманаху ёсць адмысловы дзіцячы раздзел, раздзел “Сатыра і гумар”, “Запісы” ды шэраг артыкулаў пра пісьменнікаў-юбіляраў.
У пятнаццатым “юбілейным” выпуск літаратурнага альманаха пісьменнікаў Берасцейшчыны чытачы знойдуць рубрыкі «Паэзія», «Проза», «Памяць», «Пад небам адзіным», «Крытыка і краязнаўства», «Для дзетак-малалетак», «Усміхнёмся», у якіх апублікаваныя 34 аўтары і аўтаркі: сучаснікі і творцы, якіх ужо няма разам з намі. Прадмову да альманаха напісаў сябра рэдкалегіі Мікола Сянкевіч.