Выйшла з друку новая кніга Валянціна Акудовіча

Выдавецтва “Логвінаў” надрукавала новую кнігу Валянціна Акудовіча “Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым”, якая пісалася эсэістам і філосафам некалькі гадоў. А фрагменты кнігі друкаваліся на старонках часопіса “Дзеяслоў”.

Гэта ёмісты фаліянт амаль на 400 старонак.

“Гэтая кніга шмат пра што і пра каго, але найперш яна пра стваральнікаў… Пра тых хто дабрахоць падняў з поду і ўскінуў сабе на плечы цяжар, які ён называе “мая краіна”. З дня ў дзень яны рушаць з гэтым цяжарам усё вышэй і вышэй, каб аднойчы ўбачыць, як камень з грукатам зноў скоціцца долу. А значыць трэба яшчэ раз вяртацца да пачатку пачаткаў… І мы вяртаемся!” піша з нагоды выхаду Валянцін Акудовіч у фэйсбуку.

Валянцін Акудовіч філосаф, эсэіст, паэт, хросны бацька Бум-Бам-Літа. Нарадзіўся ў 1950 у Свіслачы. Займаўся турызмам, скончыў Літінстытут у Маскве (1980). У 1991—1999 працаваў у штотыднёвіку “Культура” (рэдактар аддзела, першы намеснік галоўнага рэдактара). Затым (1999—2000) быў рэдактарам аддзела філасофіі і замежнай літаратуры часопіса “Крыніца”. Быў намеснікам галоўнага рэдактара філасофскага часопіса “Фрагменты”, выкладаў у Беларускім калегіуме (куратар аддзялення філасофіі і літаратуры).

Аўтар філасофскіх і літаратурна-мастацкіх кніг “Мяне няма. Роздумы на руінах чалавека” (1998), “Разбурыць Парыж” (2004), “Дыялогі з Богам” (2006), “Код адсутнасці. Асновы беларускай ментальнасці” (2007), “Кніга пра нішто” (2012), “Прачнуцца ранкам у сваёй краіне” (2015). Асобныя тэксты друкаваліся ў ЗША, Польшчы, Расіі, Чэхіі, Македоніі, Сербіі, Украіне, Літве, Башкірыі, Манголіі. Кніга “Дыялогі з Богам” перакладзеная на польскую мову (2008), а кніга “Код адсутнасці. Асновы беларускай ментальнасці” на літоўскую, расійскую і нямецкую мовы.

Жыве ў Менску.

галоўнае фота Аліса Ахрамовіч