На сайце ініцыятывы Audiobooks.by, якая займаецца выданнем аўдыякніг, выйшла навінка — “Забойства на вуліцы Макаёнка”. Аўтарам пазначаны Клёк Штучны. Кніга публікуецца ўпершыню, эксклюзіўна ў аўдыяфармаце.
Агучыла твор Крысціна Дробыш.
З анатацыі:
У задушлівым, прыціснутым рэпрэсіямі Менску ўзору 2022-га года, з пустымі афішнымі тумбамі і поўнымі аўтазакамі, закрытую суполку – Гільдыю гарадскіх вар’ятаў – абляцела жудасная навіна: за вакзалам дзіцячай чыгункі пякельным механізмам задушаная Жанна Танцэн, багемны матылёк і ўдзельніца масавых маніфестацый часоў рэвалюцыі 20-га. Зламысная сіла невядомага паходжання падбіраецца таксама да іншай гарадской легенды – вулічнай спявачкі Камароўскай Прымадонны.
Менская міліцыя, занятая паляваннем на “палітычных”, здае загадкавае забойства ў архіў. За справу бярэцца менскі клан Пісьменных – сумнеўны ранцье і безнадзейны халасцяк Якуб Пісьменны, яго пранырлівы кансільеры Аркадзь Табібулаеў, а таксама яго бабка Ханя Пісьменная, якая пры жыцці была імпрэсарыа ці не ўсіх гарадскіх вар’ятаў.
Аўдыякніга была запісаная пры падтрымцы беларускіх супрацоўнікаў кампаніі Google.
Першую частку можна паслухаць бясплатна на YouTube.
Поўныя версіі шукайце на Kobo, Google Play Books (не працуе ў Беларусі), Audiobooks.com, Apple Books (толькі ў ЗША), Spotify Audiobooks (толькі ў ЗША).