Выйшаў зборнік навуковых артыкулаў “Беларускае гістарычнае мовазнаўства”

Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры ды Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі выпусціў зборнік “Беларускае гістарычнае мовазнаўства”. У выданне ўключаны артыкулы па матэрыялах Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Беларускае гістарычнае мовазнаўства: стан і перспектывы развіцця”, якая адбылася ў Мінску ў сакавіку 2025 года. Зборнік прысвечаны 90-годдзю з дня нараджэння члена-карэспандэнта НАН Аляксандра Булыкі.

У артыкула зборніка разглядаюцца актуальныя праблемы гісторыка-лінгвістычных даследаванняў (эвалюцыя і функцыянаванне старабеларускай літаратурна-пісьмовай мовы, моўныя асаблівасці рукапісаў і старадрукаваных выданняў, распрацоўка лінгвістычнага корпуса старабеларускай мовы, гістарычная лексікалогія і анамастыка), а таксама пытанні лексікалогіі, тэрміналогіі і стылістыкі беларускай мовы ХХ—ХХІ стст.

Выданне разлічана на лінгвістаў, гісторыкаў, этнографаў, выкладчыкаў, аспірантаў, настаўнікаў і студэнтаў, а таксама ўсіх тых, хто цікавіцца гісторыяй і сучасным станам беларускай мовы.

Зборнік можна набыць у “Акадэмічнай кнізе” ў Менску.