Выйшаў паэтычны зборнік Алеся Стружко

У выдавецтве “Логвінаў” пабачыла свет навінка — зборнік вершаў Алеся Стружко “Камякі”. Кніга складаецца з 50 вершаў. Аўтар называе іх “камякамі” і тлумачыць гэта тым, што кожны тэкст, перад з’яўленнем “прайшоў цярністы шлях ад сэрца да горла”.

“…Словы не хацелі бачыць гэты свет, але з натугаю ўпалі на паперу і загаварылі. І загаварылі моваю супярэчнаю, але неверагодна жывою і сапраўднаю”, — працягвае Алесь Стружко і дадае, што нараджалася больш за год, змяшчае “камякі” аб цёплым болю і манахромным шчасці, аб вострых пакутах і мягкай радасці, аб непераадольнай цязе да жыцця і забітым стане глухой адзіноты.

Паводле слоў аўтара, у зборніку кожны верш — гэта заўсёды эксперымент і пошук сваёй формы. Ніякіх моўных ці прасторавых абмежаванняў.

Замовіць і купіць кнігу можна праз сайт выдавецтва Lohvinau.by, а таксама ў іншых менскіх кнігарнях.

•⠀
я збіраюся ў Падарожжа

я здымаю з сябе сваё цела
каб замест яго апрануць
вялізны заплечнік
я скідваю з сябе свае ступні
каб на іх месца прыдбаць
імклівы празполе-вецер
я разблытваю віхрасты ком з венаў і сасудаў
каб іхнія роўныя сцяжыны
супадалі з крывацёкам дарог
я прачышчаю тунэлі аортаў
каб яны блішчэлі
ў промнях усходу

я збіраюся ў Падарожжа

мне патрэбная мапа
але контуры мапы ўжо праяўляюцца
на абрысах маіх далоняў
мне патрэбен ліхтар

але з шэрасці майго ценю выглядваюць
першыя зоры ўсябачнай ночы
мне патрэбен слоўнік
але мова ўжо гарыць
іскрамі ў агульнамоўнае неба
мне патрэбная ежа
але страўнік квітнее лугам
які прагне адно дажджу і сонца

я збіраюся ў Падарожжа

і я ўжо цалкам падрыхтаваны
толькі ўсё чакаю цябе і чакаю
палка чакаю цябе
першы крок.

Алесь Стружко