За апошні час выйшла некалькі новых кніг для дзяцей у беларускіх выдавецтвах.
Выдавецтва “Папуры” выпусціла новую казку Надзеі Ясмінскай пад назвай “Снегурумі”. Галоўная гераіня якой, Мія, жыве ў цёплым паўднёвым мястэчку і так марыць пабачыць сапраўдны снегапад, пакоўзацца на горцы ды зляпіць снегавіка. Але за акном у яе цёпла і снегу там узяцца няма адкуль. Ці ўсё ж ёсць? А раптам здарыцца цуд і нехта дашле снег па пошце?..
Ілюстрацыі да кнігі зрабіла мастачка Святлана Міхалап.
Купіць кнігу можна Wildberries, OZ.by, у Кніжнай Шафе, Параграфе 45 і іншых кнігарнях.
Таксама ў выдавецтве Рамана Цымберава выйшла навінка — “Купальскі вянок” Эдзіты Бранцэвіч. Гэта зборнік казак, да якога далучана кніга размалёвак. Можна натхніцца яркімі ілюстрацыямі, каб пасля стварыць уласныя вобразы.
І трэцяя навінка, якая выйшла ў Польшчы — кніга гарэзлівых і вясёлых вершаў ад беларускіх класікаў. Тут вы знойдзеце творы Якуба Коласа, Янкі Купалы, Алеся Дудара, Валерыя Маракова, Тодара Кляшторнага, якія любілі вашыя бабулі і дзядулі, таты і мамы, і якія вам чыталі перад сном. Таксама тут змешчаны рэдкія вершы, якія былі несправядліва забытыя, бо друкаваліся 100 гадоў таму. Укладальнікам кнігі выступіў Васіль Дранько-Майсюк, а праілюстравала вершы Надзея Бука.
Замовіць кнігу можна на сайце выдавецтва Słowianka, а таксама купіць у Беларусі.