Гарадзенцы прапанавалі ўсталяваць у гонар Васіля Быкава шыльду. Яе можна было б размясціць на доме па вуліцы Вялікая Траецкая, 28 — Быкаў жыў там з 1958 года і да пераезду на Свярдлова. Гарадзенскі гарвыканкам разгледзеў петыцыю і адмовіў у прапанове, спаслаўшыся на адсутнасць сродкаў.
Адказ з’явіўся на рэсурсе e-petitions.by, дзе ўласна і адбываўся збор подпісаў пад прапановай, піша Гродна.лайф.
У адказе гарвыканкама адзначаецца, што “разліковымі паказчыкамі па горадзе Гродна не прадугледжана фінансаванне расходаў на стварэнне аб’ектаў манументальнага мастацтва ў горадзе, у тым ліку мемарыяльнай або памятнай шыльды ў памяць Васіля Быкава”.
Таксама чыноўнікі адзначылі, што дадатковых фінансавых крыніц няма, таму прадугледзець сродкі на ўсталяванне шыльды “не ўяўляецца магчымым”.
Петыцыя з прапановай усталявання памятнай шыльды з’явілася на рэсурсе e-petitions.by напрыканцы кастрычніка. У ёй адзначалася, што дзякуючы мемарыяльнай шыльдзе ў горадзе з’явіцца важны культурны аб’ект.
Пад зваротам падпісалася 29 чалавек.