Музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае на экскурсію прысвечаную Змітраку Бядулю, выставу з нагоды 155-годдзя нараджэння маці Максіма Багдановіча і выставы да 100-годдзя “Маладняка”, якую працягнулі да красавіка.
Музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае на экскурсію, прысвечаную аднаму са знакамітых гаспадароў “Беларускай хаткі” – класіку беларускай літаратуры Змітраку Бядулю. Разам з сёстрамі Рэняй і Геняй ён пражыў у гэтым доме з 1915 па 1918 гады. Тут у кастрычніку 1916 года Бядуля даў прытулак ужо хвораму Максіму Багдановічу, саступіўшы яму самы вялікі пакой.
Арганізатары прапануюць цікавае падарожжа па экспазіцыі дома-музея, названага ў гонар клуба мінскай інтэлігенцыі “Беларуская хатка”, сябрамі якога былі Максім Багдановіч, Змітрок Бядуля і іншыя дзеячы беларускай культуры.
Экскурсія ёсць дабрачыннай – заробленыя грошы будуць пералічаны на спецыяльны рахунак, дзе збіраюцца сродкі на стварэнне надмагільнага манумента Змітраку Бядулю.
Кошт: 20 руб. (гэта будзе ваш унёсак у важную і ганаровую справу).
Калі: 02/03/2024, 15:00; 06/04/2024, 15:00.
Дзе: г. Мінск, вул. Рабкораўская, 19 (філіял “Беларуская хатка”).
Запіс па тэл. +375 (17) 363 94 65 або праз паведамленні ў сацыяльных сетках.
Мастацка-дакументальная выстава “Мілая мая Марылька!”
Сёлета адзначаецца 155-годдзе з дня нараджэння Марыі Апанасаўны Багдановіч (1869-1896), маці паэта Максіма Багдановіча. У фондах музея класіка беларускай літаратуры захоўваюцца каштоўныя музейныя прадметы, якія звязаны з Марыяй Багдановіч, гэта фотаздымкі, дакументы і інш. Найбольш каштоўныя матэрыялы – лісты Марыі Багдановіч і да яе, захавалася яе перапіска з мужам Адамам, сястрой мужа Паўлінай.
Частка сямейнага архіву Багдановічаў сёння знаходзіцца ў фондах Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, – сямейны альбом, дакументы аб навучанні ў Мінску і Пецярбургу, прадметы побыту. У экспазіцыі выставы прэзентаваны копіі з архіва-музея, якія раскрываюць сяброўскае кола спадарыні Марыі, альбо з’яўляюцца дакументальнымі сведчаннямі яе жыцця.
У экспазіцыі лісты можна будзе не толькі ўбачыць, але і пачуць,дзякуючы Народнаму студэнцкаму тэатру “Жывое слова”. Фотаздымкі, дакументы, прадметы часу становяцца дадатковымі ілюстрацыямі, дадаюць штрыхі да партрэта той, што падаравала беларусам паэта.
Урачыстае адкрыццё выставы адбудзецца 22 лютага 2024 года, а 17-й гадзіне, у Літаратурным музей Максіма Багдановіча па адрасе: г. Мінск, вул. М.Багдановіча, 7а.
Куратарская экскурсія па выставе да 100-годдзя “Маладняка”
У звязку з высокай цікавасцю да выставы “Бурлівага лёту сляды незмярымы”, Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры падаўжае тртэрмін яе дзеяння да 14 красавіка 2024 года.
Музей прызначыў даты куратарскіх экскурсій на сакавік:
02/03/2024, 15:00
23/03/2024, 12:00, 15:00.
На экскурсіі наведнікам прадставяць цікавы перыяд у гісторыі беларускай культуры – 1920-я гады. І, вядома ж, адну з самых адметных з’яў таго часу – часопіс “Маладняк”, вакол якога паўстала цэлая грамада выбітных маладых пісьменнікаў…
Усе экскурсіі праводзіць куратар выставы – старшая навуковая супрацоўніца музея Ірына Князева.
Запісацца па тэл. +375 17 395 44 47, +375 17 363 94 65 або праз паведамленні ў сацыяльных сетках.
Кошт: 10 рублёў.
Дзе: г. Мінск, вул. вул. М.Багдановіча, 13
галоўнае фота адсюль