Пасля доўгага перапынку ў канцы 2025 году пабачыў свет новы паэтычны зборнік паэткі Людмілы Сільновай з назвай “На празрыстай мове радзімы”. Кніга стала вялікай творчай справаздачай аўтаркі за значны перыяд і ўключае паэзію розных гадоў і жанраў: класічныя вершы, верлібры, паэмы, кароткія аўтарскія формы і пераклады Любові Турбіной і Разіля Валеева.
Навінка ўжо была прэзентаваная аўтаркай у Нацыянальнай бібліятэцы, дзе паэтка працуе, а таксама ў Маладзечанскай цэнтральная раённая бібліятэцы імя Максіма Багдановіча.
Кніга выйшла зусім невялікім накладам 100 асобнікаў, яе можна набыць у шапіку Нацыянальнай біблятэкі.
Разгорнуты водгук на кнігу можна знайсці на сайце bellit.store

СПАЛІЛА ТУРКУ
Зноў спаліла турку я
на агні
Газавага полымя
ў нашы дні!
Кавы перапаленай –
Рэзкі пах.
Кадры з тэлевізара
у вачах!
Пражываю з хуткасцю
“турка ў год”.
Вялікдзень, народзіны
Новы год….
Зноўку ўсё паўторыцца
зыркім сном.
Што такое творыцца
за вакном?
Быццам круціць хутка
калейдаскоп
Не дзіцяці ручка, а
снежны бог.
Загалоўнае фота www.nlb.by






