Веткаўскі музей стараабрадніцтва сумесна з археолагамі Эрмітажа капаюць бескурганны могільнік зарубінецкай культуры ў вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёна. Менавіта ў гэтай вёсцы нарадзіўся паэт Анатоль Сыс (1959—2005).
Ужо падрыхтаваны раскоп памерам 8 на 24 метры, на якім знялі верхні слой, “пахатнік”, глыбінёй 30 сантыметраў, паведамляе канал пра гістарычную архітэктурную спадчыну Беларусі са спасылкай на Веткаўскі музей стараабрадніцтва. Далей будзе праводзіцца зачыстка: пошук костак, якія пакажуць, дзе ёсць магчымыя пахаванні.
Побач знаходзіцца яшчэ надзел памерам 8 на 50 метраў, які таксама плануюць даследаваць сёлета. Усе археалагічныя знаходкі ў далейшым паступяць у фонды Веткаўскага музея.



У Гарошкаве захаваўся ўнікальны помнік зарубінецкай археалагічнай культуры III стагоддзя да нашай эры — пачатку I стагоддзя нашай эры, якая лічыцца найбольш ранняй славянскай культурай. Яе адметная асаблівасць у тым, што яна сфарміравалася пад моцным уплывам кельтаў. А той факт, што зарубінецкая культура суседнічае з папярэдняй мілаградскай, дае рэдкую магчымасць прасачыць іх узаемасувязь і пераемнасць.
Веткаўскі музей запрашае валанцёраў да другой паловы жніўня, якія змогуць прыехаць на ўвесь час ці на пару дзён. Пражыванне і харчаванне — бясплатна. Па падрабязнасці просяць звяртацца да Ларысы Варацінскай, навуковай супрацоўніцы аддзела археалогіі Усходняй Еўропы і Сібіры Дзяржаўнага Эрмітажа, кіраўніцы археалагічнай экспедыцыі: +375292708996.