Мост над глыбокай вадой

Першыя сустрэчы часам уразаюцца ў памяць асабліва. Быў пачатак кастрычніка, цёплы, з пажаўцелымі бярозкамі, лісце з якіх сыпалася на драўляны столік у старой альтанцы, зацененай кустамі язміну. З Міколам Купрэевым мяне пазнаёміў сябра.

– Вельмі прыемна, – радасна здзівіўся я. – Нядаўна чытаў вашае…

– Брэшаш, – без крыўды і без абвінавачвання адгукнуўся Купрэеў, узняўшы на мяне позірк выцвілых вачэй, у якіх мокра паблісквала (так мне здалося) асэнсаванне нейкай цяжкай страты і прыняцце горкай рэчаіснасці.

– Нічога не брашу, – разгублена адказаў я.

– І што ты чытаў?

Гэтым разам у пытанні прагучала кволая надзея, ці што.

Па шчырасці, я не разумеў на той момант паэта і пісьменніка. Чаго ён так, амаль з крыўдай, з такім недаверам успрыняў мае словы? Палічыў іх за дзяжурны камплімент?

– Нядаўняе чытаў, – не здаўся я. – Пра тое, як цяжка вяртацца ў былое. Як балюча бывае ўбачыць не сябра, а залечанага ў псіхушцы да стану інваліда чалавека, у колішняй дзяўчыне – распанелую кабету, якой ні ты, ні тое мінулае, якое табе дорага, зусім не цікавыя, – працягнуў я. – Якой аказваецца насамрэч улада. І як самым дарагім і адданым табе выяўляецца сабачка Паэт, які за атрыманую ласку гатовы адзін з усяго свету бараніць цябе. І бароніць…

Бадай што, я зірнуў на Міколу Купрэева з пераможнай усмешкай. Ён павярнуўся да майго (і свайго) сябра, кінуў:

– Налівай яму…

На пачарнелых дошках старога століка з’явілася пачатая бутэлька партвейну…

Год ад году я пракручваў у памяці гэтую сустрэчу і рэакцыю паэта на маё “Чытаў…”. Цяпер – разумею добра…

На долю Міколы Купрэева выпалі пераломныя гады ў адносінах да творцаў, і менавіта да беларускіх творцаў, да творчасці ўвогуле. Было: вучні школы глядзелі з захапленнем на свайго настаўніка: “Ён паэт!”, асобныя хлапчукі цікавалі за ім на беразе саджалкі, куды ён любіў забрысці і пасядзець – гарэзам хацелася бачыць, як нараджаюцца вершы… Было: замест згубленага пашпарта ў сваіх вандроўках-блуканнях ён паказваў раз і другі міліцыянтам добра патрапаны асобнічак сваёй першай кніжачкі паэзіі “Непазбежнасць” – і яго не затрымлівалі, не гналі з аблюбаванага ім для начлегу месца ў лесе, жадалі добрай дарогі. Бо ж – паэт, бо кніжка…

А зараз наступілі новае стагоддзе і тысячагоддзе. Мы пілі тое “чарніла” ў час, калі паэт стаў цікавы хіба такім жа дзівакам, як ён сам. Наклады літаратурных часопісаў падалі да мізэрнасці, у сотню асобнікаў выходзілі кніжачкі вершаў, і тыя раздорваліся, а не купляліся. І аповесць Міколы Купрэева “На вуліцы Карла Маркса з Паэтам”, якую я чытаў апошняй, не атрымала розгаласу нават такога, які наступаў пасля публікацыі ўсяго аднаго верша ў газеце тры дзясяткі гадоў назад.

Мы не размаўлялі пра гэта і літаратуру ўвогуле. Адно, калі Мікола даведаўся пра тое, што сам я нешта крэмзаю, спахапіўся раптам:

– Куды адпраўляеш? Ты мне скажы, я патэлефаную, я там усіх ведаю, усіх рэдактароў.

Я ніякавата адмовіўся – мяне ж не адфутбольвалі на той час, прымалі.

– То пішы ж, – Мікола выпіў паўшклянкі, абцёр вусны, гледзячы некуды перад сабой, уздыхнуў і цяжка, і светла: – Трэба пісаць, трэба…

Трэба пісаць – нават калі быццам нікому гэта не трэба. Мне было лягчэй пераносіць заняпад цікавасці да літаратуры – я не паспытаў таго часу, калі творца быў асобай у грамадстве.

Мікола Купрэеў – быў. І ён усё паспытаў.

З Міхасём Рудкоўскім

Паэт уваходзіў у маё жыццё не толькі сваімі вершамі – кнігу апошніх я літаральна вывучаў, каб самому знайсці прычыну: чаму ж не далі Дзяржаўную прэмію Міколу Купрэеву? Былі яшчэ артыкулы ў газетах. Назва аднаго помніцца дагэтуль: “У двух вымярэннях”. Аўтар артыкула літаральна сцвярджаў так: паэт неблагі, але ж чалавек – п’яніца, які цалкам патапіў у гарэлцы сямейныя каштоўнасці, валацуга. Пра самае істотнае прамаўчаў аўтар: Мікола Купрэеў якраз як чалавек нікому не зрабіў злога. Ён быў проста няздольны да гэтага, пачуваючыся ў нашым жорсткім свеце шкал і вымярэнняў наіўным дзіцём.

Добра ведаючы аб апошніх гадах і днях жыцця Міколы Купрэева, аб яго пахаванні, мяне  літаральна разанула недзе праз паўгода пасля смерці паэта навіна: афіцыйная дэлегацыя новастворанай абласной філіі праўладнага саюза пісьменнікаў раптам наведвае яго магілу, ускладвае кветкі, прамаўляе прамовы. А далей – болей. Пасмяротна выходзіць кніга прозы паэта “Палеская элегія” і яна атрымлівае абласную Літаратурную прэмію імя Калесніка. З аднаго боку, было шчыра ўсцешна ад гэтага, бо ніякая іншая кніга берасцейскага аўтара тады не магла прэтэндаваць больш на перамогу. Радасна было за дачку Міколы Святлану, якая атрымала прэмію.

Разам з Алесем Каско, Нінай Мацяш на сустрэчы ў Брэсцкім універсітэце, 1997 г.

З другога боку, улады быццам забыліся, што Мікола Купрэеў застаўся сябрам зусім іншага саюза. Што быў, па іх жа нядаўніх сцвярджэннях, “прапашчым п’яніцай”. Забыліся, што апошнія гады жыцця Міколам Купрэевым апекаваліся адно лічаныя ягоныя сябры, а не чыноўніцкія структуры, што дзякуючы толькі ім, сваім адданым прыхільнікам, ён жыў так, як жыў, займеў сваю кватэру; што гэта яны добраахвотна разам з ягонай дачкой узвальвалі на сябе абавязак дапамагаць яму. Тут нельга не згадаць журналістку пружанскай раёнкі Ганну Хадаровіч, рэдактара гэтай жа газеты Міколу Антаноўскага, работнікаў івацэвіцкай раёнкі Міколу Рымача, Аляксандра Лаўранюка, супрацоўніка ЛіМа Леаніда Галубовіча (дзякуючы якому і выйшла “Палеская элегія”). Міколу Купрэева прысабечваў праўладны  саюз пісьменнікаў, выдаючы сябе за нашчадкаў і прадаўжальнікаў. Канешне, мець такога паэта за свайго папярэдніка – гонар.

Бо паэзія Міколы Купрэева – гэта асаблівая паэзія. Яна пазнаваўчая, медытатыўная. Гэта паэзія ўсхваляванага шэпту, яе нельга чытаць гучна, толькі ціха і чуйна.

Яшчэ ў першай сваёй кнізе ён кажа літаральна:

О ноч маіх вершаў!
Гімнаў не будзе.
Шэптам грымне элегія.
Нікога яна – не хвалюйцеся – не разбудзіць:
На тое – элегія…

Фота для першай кнігі “Непазбежнасць”, 1967

Вершы Міколы Купрэева пабудаваны не па кананічнай форме, і якому ваяўнічаму прыхільніку класікі можна сказаць, што тут рвецца рытм, тут губляецца за доўгімі радкамі рыфма, а тут неяк трэба паправіць, давесці да ладу націскі… Так быў  выказаўся пра іх адзін мясцовы паэт з літаратурным медалём ад Чаргінца, які ў сваіх вершах для дасканалага рыфмавання перабраў, бадай, усе існуючыя імёны, кшталту: шчасця – Насця, ні адзін – Нікадзім… Ды калі чытаць вершы Купрэева напаўголаса, чытаць, як чытаў сам Мікола, і не чытаць, але прамаўляць з глыбокім роздумам і асэнсаваннем кожнага слова – тады ўвесь верш набывае ідэальную форму, у якой хапае месца юначым летуценням і глыбокай філасофіі, метафарычнасці і рэальнасці.  Дзе шматзначная асацыятыўнасць і магічнасць фальклору. Як сам Мікола Купрэеў казаў пра сваё: “Верш – гэта дыханне яго творцы на той час, калі ён, верш, “выліваецца”. А з гэтым дыханнем, сапраўды, надараецца ўсякае…”

Вершы Міколы Купрэева сёння чытачу не так і лёгка знайсці. Таму зараз, каб прыкладам засведчыць свае словы вышэй, прапаную вашай увазе не адзін верш паэта, а некалькі.

***

Сеў дзед-беларус пры дарозе,
прыхінуўся спіной да бярозы.
Каса на пракосе дрэмле.
Думае торба на дрэве.
Пахне бензінам атава.
Налева — Масква і
направа — Варшава.
Ляцяць і ляцяць машыны,
мігцяць і дымяцца шыны.
Дзед торбу з бярозы знімае,
бабін рушнік рассцілае
на карэнні, на чорных мурашках —
хлеб, сала, цыбуля і пляшка.
Чарку панюхаў, скарынку панюхаў.
Палажыў даланю пад вуха,
ціха заснуў пад бярозай
пры маскоўска-варшаўскай дарозе.
Спіць на радзімых травах,
на карэнні, на пальцах каравых.
Прачнуўся — ні торбы, ні дрэва.
Ціха пайшоў ён дахаты ў Крэва.
Азірнуўся — гарыць атава
ля дарогі Масква — Варшава.

***

Гальштук кідаю на клён.
Звініць пад карою сок.
У хлеве варочаю гною пласты,
кідаю на двор —
вераб’і аж заходзяцца.
Куры млеюць на сонцы.
Адна з іх
(маладзенькая, белая, смелая —
бо з інкубатара)
прысела пад пеўня агністага,
здаволена вохкае.
Раптам певень ляціць за вугал:
ідзе ўчастковы інспектар.
Трактар у полі ракоча.
Апошнія коні ржуць
ля аўтастрады.
Шпак на бярозе свіснуў —
панёс у шпакоўню паперку
з песняй на словы Янішчыц.

***

Прыйду ў Святавольскі дрымучы лес
і ў балотцы,
прапахлым дурніцай, багульнікам,
на замшэлы прысяду пянёк,
з кейса дастану торбу,
а з яе — свой нябедны скарб,
і ціха скажу я нетрам:
«Зганьбаваныя літаратурай
Заяц, Ліса і Воўк,
хадзіце сюды, хадзіце…
А, гэта ты, касавокі?
Заечай капусты табе я прынёс
з Прыпяцкага заказніка. Еш!
I нікога не бойся.
Ліса, я пеўня ў цешчы ўкраў
(прасіў — не давала).
Еш! I прашу,
каб на хутар Анэлін
нага твая не ступала.
Воўк, не вый — не чытай
артыкулаў у «Камсамолцы»
пра твае непазбежнасць і коснасць.
I ведай:
ты ўсё-такі воўк. За гэта —
мяса кавалак табе. Схавай
ваўчанятам. Не будзе нас —
не будзе й цябе. Жыві!»
… Што я меў — аддаю,
буду мець — забярыце.
Толькі вось гэту маю
балоцінку зберажыце…

… Зноў лесу майго няма.
Зноў рытарычныя вершы пішу.
Зноў туга торбу сваю завяжу —
ні лісы, ні зайца, ні ваўка.

А я яшчэ неяк жыву.

Новая беларуская песня

— Ой, мамачка, сніліся кветкі.
— Вяночак атручаны, дочачка.

— Ой, мамачка, сонейка снілася.
— Узыходзіць Чарнобыль, дочачка.

— Ой, мамачка, сніўся дождж.
— Беларусь наша плача, дочачка.

— Ой, мамачка, сніўся хлопец.
— Жаніх заблудзіўся, дочачка.

— Ой, мама, зязюлька снілася.
— Не будзе гняздзечка, дочачка.

— Ой, сніліся дзікія гусі, мамачка!
— Нашыя душы лятуць з Беларусі, дочачка.

З жонкай Таццянай

Чаму жыццё паэта склалася так, як склалася, чаму ён сам быў такі, які быў? Можа, каб былі на той час гештальт-тэрапеўты, яны б знайшлі прычыну. Можа, яны б сказалі, што Мікола Купрэеў шукаў дом, у якім жыве шчасце. Можа б сказалі, што тое шчасце было сканцэнтравана ва ўспамінах пра маці. І паэт блукаў, шукаў. Мяняў месца жыхарства і месца работы. Жаніўся, разводзіўся. Ад першага кахання нарадзілася дачушка Святлана.

Канешне, упікалі, угаворвалі, задавалі пытанні Міколу Купрэеву адносна ягонага самотна-бадзяжнага жыцця. А ён шчыра адказаў Леаніду Галубовічу: “Творцу сям’я не лішняя. А калі ты маеш на ўвазе асабіста мяне, дык скажу: не мне, творцу, сям’я была лішняя, а я ў сям’і – быў лішні. Таму ўсё жыццё і пакутую: дзе мае дзеці?.. А плакаць… Калі заплача адна жанчына па мне, то я і там, пад зямлёй, захлынуся ад шчасця…”

Боль страты Мікола Купрэеў пранясе праз усё жыццё. І гэты боль нарэшце выплюхнецца ў аповесці “Дзіцячыя гульні пасля вайны”.

Міколу тады было шэсць, але смерць маці і абставіны яе ён запомніў да драбніц. Немцы арыштавалі бацьку, пасадзілі ў машыну. Маці падышла да яе, плакала. Бацька ударыў немца па руцэ, у якой той трымаў рэвальвер, і кінуўся ўцякаць. “Калі немцы сталі страляць па тату, мама пабегла за ім і крычала, звала тату. Фашысты выстралілі ў яе і паранілі нагу. Мама ўпала. Да яе падбеглі паліцэйскія, укінулі ў балотную яму і засыпалі зямлёй”, – так апіша смерць маці яе сын.

Маці, Галіна Купрэева

Адносіны Міколы Купрэева з бацькам ніколі не былі цёплымі. Бацька ажэніцца другім разам. І гэта дадасца…

Калі бацька пачытае рукапіс аповесці “Дзіцячыя гульні пасля вайны”, дзе будзе пра тыя страшныя гады, пра жыццё і выжыванне, пра родных і суседзяў, ён кіне халоднае: “Як надрукуеш, ты мне не сын. І дарогу ў дом тады забудзь.” Хоць, наўпрост ні адзіным радком не абвінавачвае бацьку Мікола Купрэеў. Ды чытаецца тое між радкоў, якія сыходзяць дзіцячымі таемнымі слязьмі. Варта заўважыць, што першы рукапіс “Дзіцячых гульняў…” Мікола Купрэеў згубіў. Можа, лёс нешта падказваў? Але рукапіс быў адноўлены. Аповесць надрукаваная. І сын болей не прыйшоў да бацькі ў міхнавіцкі дом.

Мікола Купрэеў, 1952 г.

Мікола Сямёнавіч Купрэеў нарадзіўся 25 мая 1937 года ў вёсцы Ямнае Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці. З нейкай прычыны пасля вайны бацька з дзецьмі пераязджае на Берасцейшчыну, урэшце спыняюцца ў Міхнавічах. Тут бацька настаўнічае, неўзабаве – дырэктар школы. Адносіны юнака-школьніка з бацькам-дырэктарам і мачахай былі няпростымі. Як бы сказалі сацыяльныя педагогі, паразумення не было. Юнак часта сыходзіў з дому, начаваў недзе ў лесе. Вяртаўся. І зноў сыходзіў. Часам прыходзіў дамоў адно паесці і пераночыць. Вельмі любіў сваю малодшую сястру Валю.

У 1957 годзе Мікола Купрэеў скончыў Івацэвіцкую сярэднюю школу, літаратурныя здольнасці юнака праявіліся падчас вучобы. Яго захапляе паэзія Багдановіча і Блока.  Піша вершы і кароткія празаічныя эцюды. Дарэчы, прозу пісаў на рускай мове, і нават напісаў аповесць “Бродят на рассвете юные”, якую чытаў і агулам ухваліў Янка Брыль, але Купрэеў пасля “…закінуў я на гарышча ў аднаго знаёмага мужыка, а ён рукапісам аповесці распальваў дровы ў печы. Усё ж карысць ад яе нейкая была… Мне сорамна перад самім сабой за сваю прозу не на роднай мове… Ніякаватасць перад Брылём нашу па сёння…”

Захапленне літаратурай прыводзіць Міколу Купрэева на факультэт беларускай і рускай мовы і літаратуры Брэсцкага педагагічнага інстытута. Але тут праяўляецца наканаванне – ён кідае інстытут, едзе да цёткі ў Растоўскую вобласць Расіі, працуе каменячосам. Вяртаецца ў Беларусь – і ідзе да геолагаў, рабочым. Ды ўсё ж неўзабаве аднаўляецца ў інстытуце, які заканчвае ў 1962 годзе.

Паехаў настаўнічаць на Палессе – працаваў у школах Ганцавіцкага, Ляхавіцкага, Пінскага раёнаў. Ягонымі вучнямі у свой час былі знаныя паэты Берасцешчыны Алесь Каско, Мікола Антаноўскі, Анатоль Шушко. Гэта дзякуючы і яму літаратурныя здольнасці юных талентаў не заглухлі ў палескай глушы.

Вершы паэта зрэдчас з’яўляюцца ў перыядычным друку, цягам часу – часцей. Урэшце ў 1967 годзе выходзіць першая кніжка паэзіі – “Непазбежнасць”.  Пра яе ў ЛіМе прафесар Берасцейскага універсітэта А.А. Майсейчык выказаўся так: “У яго вершах можна было адчуць выразную схільнасць да філасофскага роздуму, медытацыі…”

Потым былі гады і дарогі… Мікола Купрэеў працуе і блукае. Настаўнік у Івацэвіцкай школе, а затым – літсупрацоўнік ляхавіцкай раёнкі… Па ўсёй Берасцейшычыне былі ў яго сябры; часам, пакінуўшы чарговае месца работы, застаўшыся без сродкаў, ён заходзіў у рэдакцыі раёнкі, сядаў і пісаў два-тры вершы, за якія рэдактары выплочвалі яму ганарар тут жа. Частка якога, чаго хаваць, мянялася на бутэльку “чарніла”. У ягоным сакваяжы ляжалі рукапісы, чыстая шэрая газетная папера, шматок зжоўклага сала, цыбуліна, акраец хлеба. І скрутак чыстай бялізны.

Жыццё Міколы Купрэева хвалявала ягоных сяброў. Былы ягоны вучань Мікола Антаноўскі, стаўшы рэдактарам Пружанскай раёнкі, дапамагае Купрэеву уладкавацца на працу настаўнікам у папялёўскую школу. Папялёва – вёска ля самай Белавежскай пушчы. Атрымаў паэт і сваё жытло ў старым прасторным, двухпавярховым доме. Там ім ствараліся новыя вершы, якія сабраліся ў новую кнігу – “Правінцыйныя фантазіі”. Яна пабачыла свет у 1995 годзе – амаль праз трыццаць гадоў пасля першай. Піша і прозу, шчымлівую, аўтабіяграфічную, прасякнутую болем і любоўю. У 1995 годзе пабачыла свет ягоная аповесць “Дзіцячыя гульні пасля вайны”, праз год – “Імгненне светлае”, яшчэ праз год – “На вуліцы Карла Маркса з Паэтам”.

Але вернемся да вершаў другой кнігі. Гэта была новая паэзія, дасканалая, паэзія-з’ява. І Саюз беларускіх пісьменнікаў вылучае паэта на Дзяржаўную прэмію. Ды не атрымаў Мікола Купрэеў гэтай прэміі, і ў вобласці літаратуры ў той год ніхто не атрымаў. Тады Саюз пісьменнікаў уганараваў паэта сваёй прэміяй імя Аркадзя Куляшова. Чаму не далі дзяржаўную прэмію Купрэеву? А пачытайце адзін верш з гэтай кнігі. Мабыць жа, у вас пытанняў не застанецца.

Сустрэча з К. Крапівой у 1993 годзе

Антыпаэзія, або Спроба пост-мадэрну

На маскоўскай дарозе
перад бухматым возам
сухі і высокі
хавае за пазуху жабу…
— Вы назад у магілу? Не йдзіце:
у ёй Гарлахваці прылёг адпачыць,
Зёлкін вухам прыліп да помніка, слухае…
Махальнік Іваноў шукае вас,
сустрэў Тулягу —
той паказвае на вас у неба пальцам.
Кандрат Кандратавіч! Што робіцца! —
сакратар-былы-парткама Чарнавус
маслам змазвае язык у роце Чыкіна.
— Паразбрыдаліся мае камедыянты.
А дзе Зіна Зёлкіна?
— Паляцела з Лукашэнкам у Маскву
да Хазбулатава.
— Пашлём ўсіх іх на … Кандрата.
Хадзем ў Узду да Апанаса
на калядныя каўбасы.
А цётка Каця дзе?
— Ганяла Зёлкіна ўсю ноч.
Пацягнулася з мятлою да Вярхоўнага Савета.

Зрэшты, намінант ва ўладных вачах ніяк не упісваўся ў вобраз паэта-дзяржаўніка, гэткага ідэальнага з усіх бакоў у маральным плане, прыклад для маладых паэтаў.

Здароўе Міколы Купрэева значна пагоршылася. Зноў дзякуючы сябрам-паэтам, які мелі на той час пэўную вагу – Алесю Каско, Міколе Антаноўскаму і іншым, намаганням Саюза беларускіх пісьменнікаў Мікола Купрэеў атрымаў кватэру ў Пружанах. Толькі яна сталася сапраўднай клеткай для душы паэта, з якой яму і вырвацца ўжо было амаль немагчыма з-за хворых ног, дзе ён літаральна пакутуе, заглушаючы свой боль “чарнілам”. Да ўсяго, выявіліся сухоты. У тубдыспансеры ў Вярховічах Купрэеў праводзіць нямала часу. Колькі можа – піша. Апошнія свае часы Мікола Купрэеў жыў у доме для састарэлых у Лясной пад Баранавічамі. Стомлены і знясілены жыццём і дарогамі, ён страшна сумаваў па гэтых самых дарогах. Літаральна за дзень да смерці яго наведаў сябар з Івацэвіч Мікола Рымач. Паэт папрасіў шклянку віна. “Ведаў, што нельга, а не мог адмовіць”, – згадваў Мікола Рымач. Збегаў, купіў, крадком прынёс, крадком наліў. Са смакам выпіў Купрэеў, ледзь усміхнуўся. “Ты ідзі, – сказаў Рымачу. – І я пайду. Хоць у марах пайду…” І заснуў амаль адразу.

Назаўтра ён памёр. То было 19 верасня 2004 года.

Яго пахавалі на Міхнавіцкіх могілках, пад маладым дубком. Тут было так зацішна… Ды аднойчы зрэзалі ўсё па загадзе раённых улад, пераўтварылі цяністыя могілкі, як і ўсе іншыя ў раёне, ў пустку…

Раней ладзіла Івацэвіцкая бібліятэка сустрэчы з нагоды ўгодкаў паэта. Было – і вучні якой школы, ладзячы свае велападарожжы па помных мясцінах раёна, заязджалі на магілу Купрэева. Сёння ж школьнікі далей помніка Гойшыку не ідуць. А магіла Купрэева – амаль побач.

На помніку радок паэта: “О, як я многа хацеў вам сказаць…”. Мне ж падаюцца ягоным завяшчаннем іншыя словы з інтэрв’ю Леаніду Галубовічу, калі ў адказ на пытанне, што б хацелася напісаць яшчэ, а што забыць, Мікола Купрэеў адказаў: “ Напісаць тое, што напішацца. І нічога з таго, што напісалася, не закрэсліць. Бо – тое напісалася. А вось забыць пра нешта – гэта не ўдасца. Таму – боль застаецца. Таму – на душы задуменна-самотна…”

І яшчэ так хочацца назваць адзін верш паэта прарочым. Каб жа толькі ён збыўся:

Мілая бярозка, не бядуй:
мы яшчэ з табою ўстрапянемся.
Толькі заўтра на зары
Ў сукенку найбялейшую адзенься.
Белую кашулю я і сам
на сябе надзену, прычашуся.
I пойдзем мы з табою каля рэк
нашай добрай роднай Беларусі.

Мікола Асавец, для bellit.info

Фота: http://gantsevichi.old.museum.by/, facebook.com