Класіка, пераклад, сучасная літаратура — новыя аўдыякнігі

З’явілася некалькі новых аўдыякніг — гэта “Мёртвым не баліць” Васіля Быкава, “Ночы на Плябанскіх млынах” Людмілы Рублеўскай і “Легенда соннай лагчыны” Вашынгтана Ірвінга.

“Мёртвым не баліць” — адзін з самых драматычных твораў Васіля Быкава, якая з цэнзурных прычынаў не друкавалася два дзесяцігоддзі пасля напісанна. Галоўнай прычынай забароны было тое, пра што пазней расказваў сам аўтар: “…гэта ці не адзіная аўтабіяграфічная аповесць, дзе ўсё ці амаль усё — праўда. Але менавіта тое, што праўда, і стала непрымальным для часу сацрэалізму. Можна сказаць, што галоўным ворагам гэтага славутага метаду была праўда“.

Дызайн вокладкі Артура Вакарава

Усяго ў аповесці па цэнзурна-рэдактарскіх меркаваннях было зроблена каля двухсот скарачэнняў. У такім скалечаным выглядзе яна друкавалася да апошняга часу. І толькі пасля смерці Васіля Быкава дзякуючы ягонаму біёграфу Сяргею Шапрану ўпершыню была апублікавана ў аўтарскай рэдакцыі, з узнаўленнем усіх купюр. У гэтай непадцэнзурнай рэдакцыі аповесць “Мёртвым не баліць” была агучаная акторам Віктарам Манаевам і выйшла на Audiobooks.by, дзе можна яе слухаць.

Ініцыятыва “Кніжны воз” выдала аўдыякнігу паводле твору Людмілы Рублеўскай “Ночы на Плябанскі млынах”.

Вы ведаеце гісторыю пра Менскую ратушу? А пра Залатагорскую нявесту? А чулі пра Лошыцкага прывіда? Тады гэта кніга для вас. “Ночы на Плябанскіх млынах” – гэтая серыя міфаў і паданняў пра Менск, агучаных Алегам Гарбузам. Таямнічыя гісторыі, фантастыка, прывіды. І ўсё гэта ў знаёмых мясцінах.

Слухаць проста цяпер.

Яшчэ адна навінка ад “Кніжнага Воза” разам з выдавецтвам Gutenberg Publisher

Папяровая версія “Легенды Соннай Лагчыны” Вашынгтана Ірвінга надоечы выйшла ў беларускім перакладзе Андрэя Дубовіка, а цяпер стала даступная і ў аўдыяфармаце.

…Гэта ўсё былі толькі прывіды ночы, фантомы розуму, што блукаюць у цемры. І хаця яму давялося пабачыць іх шмат і нават аднойчы падчас самотнага шпацыру сутыкнуцца з самім сатаною, дзённае святло заўжды адольвала ўсю гэтую чартаўшчыну, і тады ён мог весці звычайнае, прыемнае жыццё без страху перад сіламі з таго свету.

На “Кніжным возе” вы можаце паслухаць бясплатна адну з частак гісторыі “Жаніх-здань”, а ўсю кнігу цалкам шукайце на ўсіх буйных пляцоўках за невялікую плату. Таксама ёсць версія на YouTube-канале праекта.