17 студзеня спаўняецца 60 гадоў беларускаму празаіку Андрэю Федарэнку. Менавіта ў гэты “юбілейны” дзень часопіс “Дзеяслоў” апублікаваў на сваім нядаўна абноўленым сайце раман пісьменніка “Сцэнарыст”.
Чытаць цалкам раман “Сцэнарыст” Андрэя Федарэнкі тут
Андрэй Федарэнка нарадзіўся 17 студзеня 1964 году ў вёсцы Бярозаўка на Мазыршчыне. Скончыў Мазырскі політэхнічны тэхнікум і бібліятэчны факультэт Мінскага інстытута культуры. Працаваў бібліятэкарам, загадчыкам аддзелу навукі і мастацтва часопіса “Полымя”, на кінастудыі “Беларусьфільм”, у рэдакцыях “Маладосці”, “ЛіМа”, а таксама стыль-рэдактарам у часопісе “Дзеяслоў”.
Дэбютаваў у літаратуры ў 1987 годзе. Аўтар кніг: «Гісторыя хваробы» (1989), «Смута» (1994), «Нічые» (2009), «Мяжа» (2011), «Сечка» (2012), «Ланцуг» (2012), «Ціша» (2014), «Жэтон на метро» (2020) і інш. Напісаў дзіцячыя і юнацкія аповесці «Шчарбаты талер» (1999), «Афганская шкатулка» (2002).
Лаўрэат літаратурнай прэміі імя Івана Мележа (1995), Лаўрэат прэміі «Залатая літара» (2009), Лаўрэат літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес» (2015), «Залаты апостраф» (2017) і інш.
Жыве і працуе ў Мінску.