Электронная навінка ад выдавецтва “Янушкевіч”

Выдавецтва “Янушкевіч” працягвае папаўняць свой каталог электроннымі версіямі кніг нароўні з папяровымі. Цяпер у электронным выглядзе выйшла “Забойства на вуліцы Макаёнка” Клёка Штучнага.

“Забойства на вуліцы Макаёнка” — рэдкі на беларускай літаратурнай прасторы дэтэктыў, які ўпісаны ў кантэкст падзей 2020 году. Стылёва дасканалы, з тонкім гумарам і небанальным сюжэтам.

Купіць e-book можна на сайце фірмовай кнігарні выдавецтва “Кнігаўка” — Knihauka.com.

Анатацыя:

У задушлівым, прыціснутым рэпрэсіямі Менску ўзору 2022 года, з пустымі афішнымі тумбамі і поўнымі аўтазакамі, закрытую суполку — Гільдыю гарадскіх варʼятаў абляцела жудасная навіна: за вакзалам дзіцячай чыгункі пякельным механізмам задушаная Жанна Танцэн, багемны матылёк і ўдзельніца масавых маніфестацый часоў рэвалюцыі 2020-га. Зламысная сіла невядомага паходжання падбіраецца таксама да іншай гарадской легенды — вулічнай спявачкі Камароўскай Прымадонны.
Менская міліцыя, занятая паляваннем на палітычных, здае загадкавае забойства ў архіў. За справу бярэцца менскі клан Пісьменных — сумнеўны ранцье і безнадзейны халасцяк Якуб Пісьменны, яго пранырлівы кансільеры Аркадзь Табібулаеў, а таксама яго мёртвая бабка Ханя Пісьменная, якая пры жыцці была імпрэсарыа ці не ўсіх гарадскіх варʼятаў.